За рэпост кліпа Rammstein, зроблены 4 гады таму, гродзенца аштрафавалі
Суд у Гродне вынес прысуд па справе 25-гадовага Андрэя Галавенкі.
Яго крымінальную справу перакваліфікавалі ў адміністрацыйную — з улікам станоўчай характарыстыкі маладога чалавека. Хлопца аштрафавалі на 1275 рублёў (50 базавых велічыняў). Таксама Галавенка мусіць заплаціць 130 рублёў за экпертызу ў рамках справы. Такім чынам, агулам гродзенец абавязаны завыплаціць амаль $670.
Як распавядала Еўрарадыё, крымінальную справу на хлопца пачалі 8 красавіка. Яго падазравалі ў распаўсюдзе парнаграфіі. Выявілася, што чатыры з паловай гады таму Галавенка рэпостнуў на сваю старонку ў сацсетцы “ВКонтакте” кліп нямецкага гурта Rammstein пад назвай “Pussy”. Экспертыза прызнала кліп парнаграфічным.
У каментары Еўрарадыё гродзенец распавёў, што яго падтрымала шмат людзей. Інфармацыя пра крымінальную справу дайшла і да прадстаўнікоў гурта.
Галавенка: “Пасля таго, як навіны пра маю крымінальную справу разышліся ў інтэрнэце, са мной звязаўся прадстаўнік Ціля Ліндэмана (вакаліста Rammstein. — Еўрарадыё) і прапанаваў падтрымаць, у тым ліку ўзяць на кошт гурта аплату штрафу. Але з улікам таго, што грошы ўжо былі сабраныя праз краўдфандынг, я адмовіўся. З таго моманту мы больш не кантактавалі”.