Многія карыстальнікі сеціва абурыліся, напісаўшы, што мэр, з'яўляючыся публічнай фігурай, быў абавязаны саступіць дамам месца.
Ад крытыкі не ўтрымаліся і некаторыя палітыкі.
— Такі дбайны і сучасны мэр не прадэманстраваў элементарнай павагі да пасажыраў, — пракаментавала дэпутатка Моніка Паўлоўска.
— Жанчына стаіць, а джэнтльмен Тшаскоўскі сядзіць. Банжур! — выказаўся дэпутат ад PiS Павел Яблонскі.
Мэр польскай сталіцы аказваецца ў падобнай сітуацыі не ўпершыню. У 2024 годзе, напярэдадні Вялікадня, ён апублікаваў віншавальны ролік, дзе сядзеў за сталом, пакуль яго жонка на заднім плане штосьці гатавала на кухні. Пасля хвалі крытыкі, якая абрынулася на яго, палітык папрасіў прабачэння.
"Злачынства супраць чалавечнасці" ў Перу
Камітэт ААН заклікаў Перу выплаціць кампенсацыю жанчынам, якія былі прымусова стэрылізаваныя ў 1990-х гадах, і пастанавіў, што такая працэдура з'яўляецца "злачынствам супраць чалавечнасці".
Прымусовая стэрылізацыя была часткай праграмы "па скарачэнні беднасці", рэалізаванай тагачасным прэзідэнтам Рэспублікі Альберта Фухіморы. Яна ажыццяўлялася на працягу апошніх чатырох гадоў яго кіравання і закранула больш за 300 тысяч жанчын.
— Ахвяры сцвярджалі, што прымусовая стэрылізацыя, ад якой яны пацярпелі, мела сур'ёзныя і сталыя наступствы для іх фізічнага і псіхічнага здароўя, — гаворыцца ў заяве ААН.
Эксперты асудзілі няздольнасць Перу належным чынам расследаваць парушэнні і выплаціць кампенсацыю ахвярам, заклікаўшы краіну ўвесці "комплексную праграму пакрыцця шкоды".
Жанчыны, якія звярнуліся ў камітэт у 2020 годзе, апісалі "пастаянную практыку прымусу, ціску ці падману, калі іх прымушалі праходзіць стэрылізацыю ў клініках, дзе няма належнай інфраструктуры або навучанага персаналу".
Адна з ахвяраў расказала, як у кастрычніку 1996 года яе спынілі на вуліцы дактары, пасля чаго ўсыпілі. Калі яна прачнулася, медсёстры абвясцілі, што ў яе ўжо ніколі не будзе дзяцей, дадаўшы — "мы цябе вылечылі".
"Яна адчувала моцныя болі ў жываце, але яе адразу ж выпісалі, і ёй давялося ісці дадому пешшу без аніякага пасляаперацыйнага догляду, — гаворыцца ў заяве ААН. — Даведаўшыся пра стэрылізацыю, муж яе кінуў".
Камітэт пастанавіў, што праграма ўяўляла сабой "сексуальны гвалт у адносінах да жанчын". Акрамя таго, ад прымусовай стэрылізацыі ў Перу пацярпелі не менш за 24 тысячы мужчын.