Забраў тэлефон са сподняга: міліцыя хацела завезці дачку актывісткі ў прытулак
Беларуская міліцыя змагаецца з дзецьмі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пятнаццацігадовая Аляксандра — дачка беларускага педагога Алены Пуцыковіч. Праз уціск з боку рэжыму Аляксандры давялося ўцякаць з Беларусі. У канцы жніўня ў іх дом у Іванаве заявілася міліцыя і прадстаўніца органаў апекі. Яны прыехалі забраць Аляксандру ў прытулак.
Мама Аляксандры ў Літве. Яна ўпэўненая, што на дачку ціснулі праз яе. У Беларусі за пратэставую актыўнасць Алену пакаралі хатняй хіміяй. Была рызыка, што "хімію" зменяць на калонію. Тады жанчына адважылася ўцякаць за мяжу. У Беларусі засталіся бацька і бабуля Аляксандры, але міліцыі было дастаткова "палітычнага" артыкула мамы, каб прыехаць па дзіця.
"Зараз забяром цябе ў прытулак"
— Я знаходзілася дома адна. Пачула, як гаўкае сабака. Потым вельмі моцна загрукалі ў дзверы. Давялося адчыніць, — расказвае Аляксандра.
За дзвярыма стаяў міліцыянер Святаслаў Дзімакоў, яшчэ адна супрацоўніца міліцыі і дырэктар мясцовага прытулку. Размаўляў з Аляксандрай Дзімакоў.
— Ён сказаў: "Зачыні сабаку ў пакоі, або яна апынецца ў лякарні". Я папрасіла выйсці, бо мне некамфортна, калі чужыя людзі ў мяне дома. Ён сказаў: "Ты мне не ўказвай, я буду рабіць тое, што я лічу патрэбным". Пасля чаго пачаўся допыт, маўляў, дзе тата? Я сказала, што паехаў па справах. Мне сказалі: "Зараз забяром цябе ў прытулак".
Падставай было тое, што Аляксандра нібыта знаходзіцца без нагляду.
— Я ведаю, што калі нехта з бацькоў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і можа прыехаць на працягу сутак, то я магу знаходзіцца без папер і дакументаў пад апекай бабулі. На што яны сказалі: "Тэлефануй бабулі".
"Вельмі борзая для сваіх пятнаццаці гадоў"
Пакуль бабуля ехала да Аляксандры, дзяўчыну распытвалі пра маму, патрабавалі паказаць тэлефон.
— Я не хацела даваць тэлефон, сказала, што ў мяне адзін ужо забралі. Ён кажа: "Я зараз і гэты забяру". Былі пагрозы, што я паеду ў аддзяленне міліцыі. Пасля размовы з бабуляй я прыбрала тэлефон за спіну, то-бок у споднюю бялізну. І села на прыступцы. Ён мне кажа: "Ты наогул вельмі борзая для сваіх пятнаццаці гадоў, п*здзючка малалетняя".
Ён схапіў мяне за дзве рукі, вельмі моцна сціснуў, падняў сілай і дастаў тэлефон са сподняй бялізны. Я лічу, гэта ненармальна. Тэлефон выпаў на прыступку, і я не заўважыла, як села на яго. Ён зноў пачаў падымаць мяне сілай. Скруціў рукі, я супраціўлялася. Тэлефон ён у мяне адабраў і вельмі моцна ўдарыў па галаве. Колькі часу ў мяне вуха дрэнна чула, — расказвае Аляксандра.
Дзімакоў не змог зайсці ў запароленыя сацсеткі Аляксандры, таму пагражаў разбіць тэлефон, а потым шпурнуў яго ў дзяўчыну. Жанчыны — дырэктарка прытулку і супрацоўніца міліцыі — проста назіралі і не ўмешваліся, адзначае школьніца.
Потым прыехала бабуля Аляксандры, аднак на гэтым гісторыя не скончылася. Пасля таго, што здарылася, дзяўчына трапіла ў лякарню.
— Выявіліся прыкметы страсення мозга: галавакружэнне, млоснасць, ваніты. Давялося выклікаць хуткую, — расказвае Алена пра стан дачкі. — Усё гэта на фоне моцнага стрэсу. Маё дзіця ніколі з такім не сутыкалася. Людзі, якія павінны абараніць яе, прыйшлі для таго, каб збіць яе!
Прыйшлі ноччу ў палату
У лякарні Аляксандру таксама не пакінулі ў спакоі.
— Пасля дванаццаці гадзін ночы Дзімакоў у цывільным адзенні і чалавек у швэдры з надпісам "Следчы камітэт" прыйшлі да яе ў палату ўдвух. Больш не было ніводнага дарослага. Яны хацелі запалохаць яе і прымусіць даваць паказанні. Яна адмовілася што-небудзь гаварыць без прысутнасці бацькі. Яны пайшлі, але паехалі да бабулі, якой ужо семдзесят пяць гадоў.
Пасля інцыдэнту Аляксандра і яе бацька напісалі скаргі ў РАУС і пракуратуру. Яшчэ бацька напісаў заяву ў СК з патрабаваннем даць ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі.
— Адказы [ёсць у распараджэнні рэдакцыі. — Еўрарадыё] былі прадказальныя — "выконваў, не перавышаў, дзейнічаў" па законе, — кажа Алена.
Тыдзень Аляксандра правяла ў траўматалагічным аддзяленні, а 8 верасня прайшла медыцынскі агляд у судмедэкспертызе Пінска.
— Сінякі былі на руцэ, на спіне, на твары. Спецыяліст, якому Дачка паказвала сінякі, адказаў, што на твары сінякоў не бачыць. У пачатку кастрычніка прыйшоў адказ з СК, што разгляд справы прыпынены "ў сувязі з неатрыманнем заключэння ... судова-медыцынскай экспертызы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.