Збіццё, катаванні, пагрозы і пагромы. Як сілавікі "зачышчалі" Іванава

Затрыманні ў Іванаве
Затрыманні ў Іванаве

Раніцай 13 ліпеня ў Іванаве прайшла хваля ператрусаў і затрыманняў. Затрыманых у той дзень — іх было 8 чалавек — збівалі, катавалі, ім пагражалі, а ў дамах зладзілі пагром, піша "Брестская газета".

Ператрусы праходзілі нібыта ў межах крымінальнай справы аб абразе міліцыянераў. Раніцай сілавікі з аўтаматамі і ў цывільным урываліся ў дамы для правядзення ператрусаў. Іх санкцыянаваў пракурор Сяргей Жуковіч. У пастанове былі пазначаныя прозвішчы трох міліцыянераў, якіх нібыта абразілі ў 2021 годзе: Кузьмянчук, Цябук і Пташыц. Ператрусы праходзілі ў актывістаў і ў тых, каго раней прыцягвалі па палітычных справах.

Сілавікі затрымалі Аляксандра Юшкевіча, Андрэя Беленькага, Дзмітрыя Сенчука, Марыну Кіявец, Андрэя Дражына, Тамару Падымака, Алену Пуцыковіч і Дзіяну Міховіч.

Вядома, што ў гэтым "рэйдзе" ўдзельнічалі дзве групы сілавікоў: брэсцкая — шостае ўпраўленне ГУБАЗіКа і АМАП, і мінская — сталічны ГУБАЗіК і АЛМАЗ. Быў яшчэ адзін бус з сілавікамі, але праз колькі часу яны паехалі ў Драгічын, дзе затрымалі больш за 20 чалавек.

У часе ператрусаў супрацоўнікі гучна лаяліся, выварочвалі ўсе рэчы на падлогу, абражалі жыхароў, а мужчын яшчэ і збівалі. Самымі жорсткімі, як адзначаюць мясцовыя, былі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Пры гэтым амапаўцы маглі нават падняць з падлогі тэрмометр, каб ён не пабіўся. Адзін з мінскіх сілавікоў стрэліў у сабаку актывісткі з Іванава.

Панятых міліцыянеры шукалі сярод суседзяў, але тыя часта адмаўляліся. Вядома, што адной пенсіянерцы за адмову пагражалі адміністрацыйнай адказнасцю. Яе так напалохалі, што пасля гэтага ёй двойчы выклікалі хуткую дапамогу.

Ад пачатку ператрусу і да прыбыцця ў РАУС усе затрыманыя былі ў кайданках — іх здымалі, толькі калі з упраўлення з'язджалі сілавікі і пакідалі іх з мясцовымі ўчастковымі для складання пратаколаў. Галоўнае, што цікавіла сілавікоў, — "экстрэмізм" у тэлефонах і камп'ютарах. Яны глядзелі тэхніку, сацыяльныя сеткі, шукалі "пратэставыя" фота і патрабавалі паролі ад акаўнтаў у тэлеграме. Калі яны не атрымлівалі іх, то пагражалі ці білі.

Сем чалавек з васьмі затрыманых пасля "рэйду" судзілі: траіх аштрафавалі, яшчэ чатырох адправілі на "суткі". Настаўніца Алена Пуцыковіч, якая ўжо адбывае "хатнюю хімію" па палітычнай справе, пасля затрымання трапіла ў лякарню: у яе пагоршылася самаадчуванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі