Зайдэс: Салюту на тэрыторыі рэстарана "Поедем поедим" не было
Новы скандал разгараецца вакол рэстарана "Поедем поедим" каля Курапатаў. Нагодай стаў салют, які пускалі каля рэстарана ўвечары 17 жніўня. Відэа салюту размясціў у сацсетках Зміцер Дашкевіч. У каментарах Дашкевічу даслалі фотаздымкі з пустымі феерверкавымі скрынкамі каля плота рэстарана, з боку дарогі.
У інтэрнэце з'явілася петыцыя на адрас Генпракуратуры. Яе падпісанты (якіх сабралося ўжо больш за 700) заклікаюць арганізаваць праверку, а таксама выпісаць прадпісанне аб закрыцці рэстарана СТАА "Белрэстінвест" за "неаднаразовыя парушэнні існуючых абцяжаранняў, указаных у адказе генпракуратуры ад 2018/07/13 пад нумарам 0703-446-2012". Раней Генпракуратура паведамляла, што з усходняга боку рэстарана не дазваляюцца ніякія гучныя мерапрыемствы на адкрытым паветры. Менавіта гэта бок выходзіць да мемарыялу Курапаты.
У каментары tut.by адзін з заснавальнікаў рэстарана Леанід Зайдэс патлумачыў, што ў той дзень ва ўстанове адзначалі вяселле. Пры гэтым ён адмаўляе, што на тэрыторыі рэстарана быў салют.
"Вяселле было, гэтага ніхто не адмаўляе. А салюту не было. Прытым вяселле на дзевяць чалавек, гэта хіба вяселле? Людзі зрабілі предзаказ, прыйшоў мужчына ў касцюме, нявеста ў белай сукенцы, нават не ў вэлюме. Мне іх што, выгнаць? Яны проста распісаліся. Гэты відэазапіс зроблены не на маёй тэрыторыі. Ёсць мая тэрыторыя, за якую я адказваю. На падкантрольнай мне тэрыторыі салюту не было", — заяўляе бізнэсовец. Ён запэўнівае, што мае відэазапіс, які пацвярджае ягоныя словы.
Ён лічыць, што калі салют і быў, дык гэта было па-за межамі рэстарана.
Пры гэтым Зайдэс падкрэсліў, што абцяжаранні ў выкарыстанні тэрыторыі закранаюць толькі ўсходні бок установы. "Калі я зайду з другога боку — з боку ўваходу, то абцяжаранняў няма. І салют магу там пускаць па логіцы. Ніхто мне нічога не зможа тут сказаць", — дадае ён.
Дарэчы, раней, на прэс-канферэнцыі ў ліпені бізнэсовец заяўляў, што гатовы ўзяць на сябе пэўныя абавязкі: на адкрытай тэрыторыі не будзе гучаць гучная жывая музыка і не будзе забаўляльных музычных праграм, будуць толькі трансляцыі ТБ. "Не будзе салютаў і феерверкаў — я магу сёння гэта гарантаваць ад імя ўсіх заснавальнікаў", — запэўніваў Зайдэс.