“З'ехалі, здраднікі!" Як беларусам не расчаравацца адзін у адным?
На маршы ў Беларусі / Еўрарадыё
"Усё часцей чую размовы, маўляў, раз беларусы не справіліся і рэжым не зрынуты, можна з чыстым сумленнем з'язджаць і пачынаць жыццё з нуля ў іншай краіне", — піша чытач Еўрарадыё. На яго думку, высновы, да якіх прыходзяць тыя, хто вырашыў эміграваць, дужа падобныя на паразу, здраду і наогул вельмі моцна злуюць.
Спрэчкі на тэму "бегчы ці застацца" час ад часу разгараюцца і ў сацыяльных сетках. Адчуваючы расчараванне ад неапраўданых надзеяў, людзі кідаюцца адзін у аднаго з'едлівымі каментарамі, быццам бы і не было той кансалідацыі, якую мы здабылі, гуляючы па родных беларускіх вуліцах у 2020-м.
Ці змогуць беларусы зноў аб'яднацца? Як памірыць тых, хто з'ехаў і хто застаўся на Радзіме? Чаму тыя, хто з'язджае, нікому не здраджваюць, і як растлумачыць гэта тым, хто на іх злуецца? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае псіхолаг Наталля Скібская.
Кожны чалавек мае права жыць сваім уласным жыццём
Камусьці падыходзіць працягваць змаганне на Радзіме, а хтосьці з'язджае. Мы ўсе жывем, зыходзячы з сваіх уласных абставінаў. Напрыклад, ёсць людзі, якія маглі б з'ехаць, але для іх большы прыярытэт заставацца з роднымі. Ніхто не абавязаны ахвяраваць сабой. Па-добраму, мы павінны знаходзіць баланс паміж асабістымі і грамадскімі інтарэсамі. Навязваць сваю думку іншым — такая сабе гісторыя. Калі я вывожу дзіця з краіны — гэта мая адказнасць, і за наступствы свайго рашэння адказваць прыйдзецца таксама мне.
Асабіста я лічу і часта кажу пра тое, што дзецям, асабліва школьнікам, заставацца ў Беларусі пры цяперашняй сітуацыі катэгарычна шкодна. Шкодна для іх псіхікі. Бацькі нясуць адказнасць за тое, што з імі будзе далей. Але калі я цяпер абвяшчу "тэрмінова эвакуюем дзяцей", зразумела, што ўсё не з'едуць.
Людзі, якія раяць іншым з'язджаць, а вы гатовыя несці адказнасць, калі ў вашых знаёмых за мяжой нешта не атрымаецца?
Дакладна гэтак жа наадварот, вы гатовыя адказваць за сваю параду "заставайцеся", калі чалавека потым арыштуюць або, не дай Бог, заб'юць?
Атрымліваецца, мы можам раіць толькі тады, калі гатовыя несці адказнасць за наступствы сваіх парад.
“Я злы: мяне ўсе кінулі!”
Калі чалавек злуецца на тое, што яго як быццам бы ўсе кінулі, ён спрабуе перакласці адказнасць за сваё рашэнне заставацца на тых, хто з'ехаў і чыёй падтрымкі яму не хапае. Прабачце, але з якой ласкі?
Усе гэтыя эмацыйныя абвінавачванні і спрэчкі ў сацыяльных сетках — наступствы нашых уласных расчараванняў. Людзі, якія з'ехалі таксама злуюцца на тых, што засталіся, таму што тыя не зрабілі чагосьці, каб ім не давялося з'язджаць. Па факце, з Беларусі з'ехала вельмі шмат менавіта актыўных грамадзян. І вось атрымліваецца, маўляў, мы там выходзілі, рызыкавалі сваёй свабодай і жыццём, а вы да нас не далучыліся. Пачынаюцца ўзаемныя папрокі.
Дарэчы, тым, хто з'ехаў і працягвае рабіць нешта карыснае для беларусаў, таксама робяць закіды. Асабліва тым, хто вызначае парадак падзей, маўляў: "Гэта вы ва ўсім вінаватыя". Тыя, хто знаходзіцца за мяжой, часам таксама не разумеюць, як можна заставацца на Радзіме і проста працягваць трываць. У адказ прылятае: "Якое права вы маеце падбіваць людзей на тое, каб яны выходзілі і рызыкавалі?”
Мы ўсе разгубленыя, самотныя і расчараваныя
Мы адчуваем велізарную колькасць фрустрацыі: не атрымалася, не даціснулі... У выніку гэтага і ўзнікаюць канфлікты: кідаем адзін аднаго, і да таго ж, разводзім бульбасрачы ў сацсетках.
Расчараванне — гэта складаная эмоцыя, з якой цяжка спраўляцца. У стане бяссілля чалавеку можа не хапаць сілы волі, каб працягваць змагацца, як у Беларусі, так і за мяжой. У дадатак, калі ты з'язджаеш, у цябе з'яўляюцца новыя бытавыя клопаты.
Калі ў людзей няма сіл - іх трэба дзесьці браць. Імі маглі б падзяліцца іншыя людзі, у якіх іх болей, а тыя кажуць, маўляў: "Вось, хлопцы і дзяўчаты, вы з'ехалі і мы ў вас не верым, мы ў вас расчараваныя, вы — здраднікі". Лагічна, што ў адказ на такія словы можа прыляцець: "Спадарства, я больш не з вамі. Навошта мне такі азвярэлы народ?”
Так, можна злавацца, але што далей?
Вядома, нам вельмі б хацелася, каб усе былі сацыяльна адказнымі, але чалавек мае права — уключацца ў барацьбу ці не. Зразумейце, што тыя, хто з'язджаюць, энергіі ў працэс барацьбы на Радзіме ўжо не дададуць. Яны прызнаюць сваё бяссілле.
Людзі, якіх гэта засмучае, павінны прызнаць сваё. Працягваеце злавацца? Тады адкажыце сабе на пытанне — ці дапамагае вам гэтая злосць? Трэба вырашыць для сябе: крыўдзіцца, змагацца далей або апусціць рукі і таксама з'ехаць.
Сапраўды, чалавек, які абвінавачвае іншых у тым, што тыя з'ехалі, можа сам быць у роздумах: з'язджаць ці заставацца. Ён не можа па якіх-небудзь прычынах вырашыцца, вось усё і раздражняе. Калі ён адчувае, што можа працягваць змагацца на месцы, то трэба гэтым займацца — рабіць усё магчымае, нягледзячы на тое, што хтосьці з'язджае, не дадаваць разладу.
Трэба разумець, што працэс пераменаў — калектыўны. Каб памяняць адну сістэму, трэба пабудаваць іншую. Для гэтага патрэбныя паплечнікі — тыя, хто будзе побач. Проста паспрабуйце іх заўважыць і памятайце, што жаданне і неабходнасць з'ехаць аднойчы можа з'явіцца і ў вас саміх.
Здраднікі — тыя, хто парушыў клятву служыць беларускаму народу, і замест гэтага служаць дыктатуры. У тым, што чалавек робіць выбар на карысць сваёй сям'і і свайго асабістага шчасця, здрады няма. Хутчэй, ён будзе здраднікам самому сабе, калі застанецца, жадаючы з'ехаць.
Праўда, падчас маршаў у 2020-м некаторыя людзі пісалі плакаты: "Разам да перамогі", крычалі, што будуць змагацца з дыктатурай, пакуль яе не скінуць і маўляў: "Няхай сілавікі з'язджаюць, а мы будзем жыць тут". Але дзе доказы таго, што гэта абвяшчалі менавіта тыя, хто з Беларусі з'ехаў?
Ад таго, што мы крычым і абвінавачваем адзін аднаго, нічога не зменіцца. Трэба працаваць на аб'яднанне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.