“Не трэба слухаць папулістаў”: Павел Аракелян пра ад’езд і прайграную рэвалюцыю

“Не трэба слухаць папулістаў”: Павел Аракелян пра ад’езд і прайграную рэвалюцыю

“На бягучы момант, па маіх адчуваннях, у Беларусі не засталося даверу проста ні да каго”, расказвае Еўрарадыё музыка Павел Аракелян, вядомы беларусам не толькі па вялікіх канцэртах, але і па дваравых выступах у 2020-м годзе.

Роўна праз два гады пасля затрымання ў Мінску, музыка з’ехаў у Літву. Трымаўся да апошняга, але інструменты, якія джазмэн прадаваў, каб выжыць, скончыліся, а магчымасцяў зарабляць на жыццё сваёй творчасцю ў Беларусі больш няма. Як і натхнення.

У інтэрв’ю Павел распавядае, чаму музычнаму жыццю на Радзіме прыйшоў канец і разважае пра расчараванне беларусаў у палітыках і экспертах, якія працягваюць гаварыць прыгожымі словамі. Ці прайграла беларуская рэвалюцыя ў 2020-м годзе? “Так, і трэба называць рэчы сваімі імёнамі”, — лічыць наш суразмоўца.

“Не трэба слухаць папулістаў”: Павел Аракелян пра ад’езд і прайграную рэвалюцыю
Павел Аракелян і Маргарыта Ляўчук на канцэрце ў Мінску / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Украінцы праводзяць вечарынкі нават падчас бамбёжак, яны ўсё роўна пішуць новыя песні, ладзяць канцэрты як у самой Украіне, так і па ўсім свеце…

Павел Аракелян: Я так скажу: калі кожны ў грамадстве робіць сваю працу — напрыклад, ваяры ваююць, разведчыкі разведваюць, палітыкі займаюцца палітыкай, тады і патрэбны музыкі, якія граюць. А калі ў нашай краіне ты і лабаеш, і змагаешся, і палітыкай спрабуеш займацца, а ўсе астатнія —  ці ідыёты, ці агенты, атрымліваецца так, як атрымалася ў нас.


Еўрарадыё: Зянонавец?

Павел Аракелян: У мяне да Зянона Станіслававіча таксама шмат пытанняў, як і да ўсіх астатніх, хто быў у нашай палітыцы ўсе 28 год. З тых, зразумела, хто яшчэ жывы. Я — ніхтонавец, спрабую цвяроза глядзець на рэчы, хоць зараз і магу быць занадта эмацыйным, бо не адарваўся ад краіны. Я ўсё яшчэ думкамі і сэрцам унутры. 

“Не трэба слухаць папулістаў”: Павел Аракелян пра ад’езд і прайграную рэвалюцыю
Нібы ў іншым жыцці / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Ты бачыш альтэрнатыву — нейкага годнага лідара, які мог бы сёння ўзначаліць беларускую апазіцыю?

Павел Аракелян: Я не ведаю, як гэта ўсім зразумець, але не трэба слухаць папулістаў.  Варта ісці за людзьмі, за якімі стаяць нейкія дзеянні.

Колькі гадоў усе слухаюць: “Шрайбман-Чалы, Чалы-Шрайбман”... Пры гэтым Шрайбман складае 2+2, а Чалы пад свой настрой падганяе рэчаіснасць. У той жа час ёсць цудоўныя аналітыкі: Валерый Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі, Зміцер Шчыгельскі… Так, слухаць іх можа быць цяжка і нават непрыемна. Але той жа Шчыгельскі — вельмі канкрэтны чалавек, які бачыць рэальнасць такой, якая яна ёсць.

“Не трэба слухаць папулістаў”: Павел Аракелян пра ад’езд і прайграную рэвалюцыю
Яшчэ Паша / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Як з’ехаць і не адарвацца ад Радзімы. Ты ставіў сабе такую мэту?

Павел Аракелян: Ставіў. Я прасіў сяброў, калі яны заўважаць, што я ўжо крочу ў той бок, піхаць мяне па самае не балуйся. Але гэта таксама ў жыцці мой такі першы досвед. Я тут усяго тры тыдні і літаральна днямі толькі нармальна выдыхнуў, бо, нарэшце, перавёз матулю з катом.

З іншага боку, пераважная большасць медыйных персон, якіх я бачыў, з’ехалі і праз пару месяцаў цалкам адарваліся ад рэчаіснасці. Таму я не ведаю, ці я змагу захаваць сябе лепш за іх, але паспрабую. Мы кансервуемся ў той момант, калі з’ехалі.
Я з’яжджаў у той момант, калі Беларусь нагадвала ўжо не Савецкі Саюз, а Паўночную Карэю. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі