Жлобінская пенсіянерка паскардзілася Лукашэнку на міліцыю і трапіла ў ІЧУ

Ева Піскун

Ева Піскун / сацсеткі

Прыхільніцу Лукашэнкі 70-гадовую Еву Піскун Жлобінскі раённы суд прысудзіў да штрафу. Да суда яе трымалі ў ІЧУ як палітычную правапарушальніцу, піша "Флагшток".

Здарэнне адбылося яшчэ ўвесну 2023 года. Журналістам пра яго расказала жыхарка Жлобіна Аліна, якая апынулася з пенсіянеркай у адной камеры.

Піскун размясціла відэазварот да Лукашэнкі на сваёй старонцы ў сацсетках. Яна ў сваім відэа назвала тагачаснага начальніка міліцыі Жлобіна службовым злачынцам, бо ён ніяк не рэагаваў на яе звароты. Пасля гэтага ёй затэлефанавалі з пракуратуры, сказалі, што разабраліся ў яе справе і запрасілі прыйсці падпісаць нейкія дакументы. Калі пенсіянерка прыйшла, яе затрымалі.

"Бабуля распавядала: "Я ж вельмі моцна люблю Лукашэнку. Я прымала ўсе папраўкі, якія былі. Як так мяне маглі пасадзіць да суда?". Нягледзячы на сваю любоў да Лукашэнкі яна, як і я, спала без матраца. Не было нічога. Святло ў камеры праз нас дваіх не выключалі. Вадзілі ў кайданках і скручвалі ластаўкай тварам у падлогу. Мяне і бабулю", — згадвае Аліна.

Журналісты знайшлі відэазвароты Евы Піскун. Выявілася, што гісторыя пачалася ўлетку 2022 года, калі яна прыехала ў Гомель на аздараўленне. У адной з паездак у гарадскім транспарце жанчыне ўпершыню трапіўся аўтобус без кандуктара. Яна купіла квіток у кіроўцы, але не ведала, што яго неабходна прабіць. Кантралёр, які зайшоў у аўтобус, выпісаў ёй штраф. Жанчына аплаціла штраф, але палічыла яго неправамоцным, таму звярнулася з патрабаваннем вярнуць грошы.

У студзені 2023 года Ева Піскун запісала відэазварот да Лукашэнкі, у якім заявіла, што міліцыянты яе ігнаруюць, абвінаваціла іх у бюракратызме: "У нас Лукашэнка патрабуе: не выкручвайце рукі людзям, стаўцеся сур'ёзна да складання ўсіх дакументаў, усіх працэдур, адміністрацыйных у тым ліку. Лукашэнка працуе асобна, а ўсе астатнія службы працуюць асобна. Чаму такі бардак у краіне татальны?".

Знаёмы Піскун расказаў "Флагштоку", што жанчына перабывае ў шоку пасля здзекаў у ізалятары. Суд прызначыў ёй вялізны штраф, які яна не ведае, як выплаціць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі