Жонка не пазнала ўваскрослага мужа

Зніклы пяць гадоў таму жыхар Слоніма нечакана “ўваскрос” і вярнуўся на радзіму. Але жонка катэгарычна адмаўляецца прызнаць у ім свайго мужа і патрабуе правесці генетычную экспертызу. Як стала вядома Еўрарадыё, Вадзім Лаенка знік са Слоніма ў 2002 годзе. Паехаў на заробкі ў Маскву, і з таго часу да жніўня 2007 года сям’я ад яго не атрымлівала ніякіх вестак. У 2003 годзе жонка зніклага гастарбайтэра Наталля Лаенка спрабавала хоць штосьці даведацца аб лёсе свайго зніклага мужа. Звярнулася з заявай у міліцыю, але вышук нічога не даў. У 2004 годзе суд прызнаў Вадзіма Лаенку зніклым без вестак. Наталля Лаенка прызвычаілася да думкі, што яе мужа няма ў жывых. Але ў жніўні ён нечакана з’явіўся ў інтэрнаце, дзе да ад’езду Вадзіма ў Расію жыла сям’я Лаенкаў.


Па словах каменданта інтэрната 4-га камбіната камвольна-ткацкай фабрыкі Раісы Плаўскай, яна не адразу пазнала ў бамжы, што сядзеў на лаўцы, былога афіцэра з вышэйшай адукацыяй Вадзіма Лаенку.


Раіса Плаўская: “Ён сядзеў на лаўцы. Я запрасіла вахцёра, сказала, што гэта, мабыць, Лаенка. Бліжэй пачалі разглядаць: ён ці не ён? Сумненні пэўныя былі. Але пазней, як ён амаль тыдзень у нас ў вестыбюлі прабыў, гэтыя сумненні зніклі. Як ён размаўляе, махае рукой”…


У адрозненне ад каменданта інтэрната, Наталля Лаенка мужа не пазнала і прызнаваць у гэтым чалавеку Вадзіма Лаенку не хоча. Еўрарадыё жанчына сказала, што з былым мужам гэты чалавек не мае нічога агульнага. І прызналася, што прычына не ў тым, што са Слоніма ў Маскву з’ехаў здаровы, малады мужчына, а вярнуўся хворы пасля перанесенага інсульту, падобны да бамжа чалавек.


Наталля Лаенка: “Што ў нас зараз можа быць агульнага? Ён кінуў нас 5 гадоў таму. Я не атрымлівала ад яго на дзіця ні аліментаў, ні чаго іншага. Ён не хацеў ведаць, як мы жывём. Яго гэта не цікавіла і не хвалявала абсалютна. Да таго часу, пакуль з ім, напэўна, не здарылася такое няшчасце”.

За час, пакуль Вадзім Лаенка быў на “заробках”, Наталля Лаенка здолела не толькі вырасціць сына, але і самастойна пабудаваць кватэру. Замуж яна больш не выйшла, хоць сёлета і атрымала развод. Але такога бацьку, якім вернуўся з Расіі Вадзім Лаенка, яна свайму сыну не хоча. Асабліва пасля таго, як ён пачаў, згодна з яе словамі, пагражаць ёй забойствам, калі яна яго не прызнае за свайго зніклага мужа. Нават расказала гісторыю, як сын аднойчы баяўся заходзіць у пад’езд, бо там сядзеў нейкі бомж.


Зараз чалавек, які выдае сябе за Вадзіма Лаенку, спрабуе праз суд дабіцца рашэння па адмене прызнання яго адсутным без вестак. Як паведаміла Еўрарадыё суддзя Слонімскага раённага суда Тамара Хамінец, ён не мае не толькі ніякага пашпарта, але і ўвогуле грамадзянства. Ні расійскага, адкуль ён паходзіць, ні беларускага, дзе апошнія годы жыў. Бацькі яго памерлі, і блізкіх сваякоў, каб пацвердзіць яго асобу, нікога няма. Ёсць, праўда, стрыечная сястра ў Гродне, але яна прыехаць на суд адмовілася. Між тым, ён спрабуе праз суд дамагчыся, каб было адменена рашэнне аб прызнанні яго зніклым без вестак.


Пакуль у судзе перапынак. Наталля Лаенка звярнулася з прапановай правесці генетычную эспертызу чалавека, які выдае сябе за яе мужа. І суддзя Тамара Хамінец прыняла рашэнне правесці такую экспертызу.


Тамара Хамінец: “Яна, удзельнічаючы ў справе ў якасці зацікаўленай асобы, выступіла перад судом з заявай аб правядзенні геномнай экспертызы. І суд задаволіў гэтае хадайніцтва”.


Наталля Лаенка пацвердзіла Еўрарадыё, што экспертызу сапраўды будуць рабіць па яе ініцыятыве. Але кажа, што нават калі ў гэтым чалавеку прызнаюць яе былога мужа, нічога агульнага ў яе з ім больш не можа быць. Адзінае, -- его перастануць лічыць зніклым без вестак і выдадуць пашпарт. Толькі з прапіскай узнінуць праблемы, бо ніякіх правоў на частку пабудаванай жонкай кватэры ён мець не будзе.


Як стала вядома Еўрарадыё, у Вадзіма Лаенкі ўзоры крыві для правядзення экспертызы пакуль не ўзялі. Ён знік са Слоніма. Камендант інтэрната Раіса Плаўская, дзе жылі раней Лаенкі, кажа, што супрацоўнікі інтэрната сабралі яму грошы на дарогу ў Жыровіцкі манастыр. Каб там часова прытулілі бяздомнага. Кажа, нельга, каб чалавек, які не жыве ў нтэрнаце, цэлымі днямі сядзеў у іх фае. Але ці паехаў ён сапраўды ў Жыровічы, ці туляецца па Слоніме, ці, можа, ізноў паехаў “на заробкі” ў Маскву, ніхто не ведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі