Журналісту Андрэю Аляксандраву выставілі абвінавачанне ў "здрадзе дзяржаве"
Беларускаму журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву 30 чэрвеня выставілі новае абвінавачванне — "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). Пра гэта паведаміў яго адвакат Антон Гашынскі, перадае БелаПАН. Аляксандраву пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Са слоў Гашынскага, Андрэй Аляксандраў у шоку ад выстаўленага абвінавачвання. Вінаватым сябе ён не прызнаў.
Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі ў студзені 2021-га. Іх падазравалі "у фінансаванні пратэстнай дзейнасці" (у аплачванні штрафаў пратэстоўцаў). У выніку Аляксандраву выставілі абвінавачванне ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" (ч. 1 і 2 арт. 342 КК).
Андрэй Аляксандраў прызнаны палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.