Жыхарам Светлагорскага раёна загадалі забіць усіх прыватных свіней
Гэтак улады змагаюцца супраць распаўсюду афрыканскай чумы свіней.
Адпаведныя інфармацыйныя паведамленні размешчаныя ў грамадскіх месцах, а таксама асабіста ўручаныя мясцовым жыхарам, паведамляе БелаПАН.
Так, у вёсцы Яланы на платах і на краме вісела паведамленне, што раённы штаб па прафілактыцы афрыканскай чумы на тэрыторыі Светлагорскага раёна пастанавіў забіць усіх свіней на прыватных падворках да 1 жніўня 2013 года. Іначай свіней будуць прымусова канфіскоўваць і ліквідаваць.
Гомельскі актывіст Канстанцін Жукоўскі, які пабачыў абвестку, звярнуўся з заявай да пракурора Гомельскай вобласці. Ён просіць выявіць вінаватых і прыцягнуць да адказнасці службовых асоб, якія ад імя органаў дзяржаўнага кіравання распаўсюджваюць сярод сельскіх жыхароў інфармацыю пра абавязковы забой свіней. На думку Жукоўскага, гэтая інфармацыя супярэчыць асноўным канстытуцыйным правам грамадзян — гарантыі пра недатыкальнасць прыватнай уласнасці — і Крымінальнаму кодэксу, бо такія патрабаванні дэстабілізуюць становішча ў Беларусі і сеюць паніку сярод людзей.
Дарэчы, у Нараўлянскім раёне прынята рашэнне зачыніць усе дробнатаварныя фермы з невялікім пагалоўем свінняў. А грамадзянам, якія пражываюць у вёсках, змешчаных у пяцікіламетровай зоне ад свінакомплекса вёскі Завойць, загадана ў самы кароткі тэрмін пазбавіцца ад пагалоўя свіней, піша раённая газета "Прыпяцкая праўда".
Фота — master-svinovod.com