Зноў расце колькасць мігрантаў, якія спрабуюць уехаць у Германію праз Беларусь
Нямецкая паліцыя
Міграцыйны маршрут праз Беларусь зноў актыўна выкарыстоўваецца мігрантамі, піша DW са спасылкай на нямецкую паліцыю. Колькасць несанкцыянаваных уездаў у краіну стабільна расце з пачатку года.
Усяго са студзеня да канца траўня нямецкія ўлады зарэгістравалі на межах з Польшчай і Чэхіяй 2215 несанкцыянаваных уездаў у Германію гэтым маршрутам. І калі ў студзені іх было ўсяго 26, а ў лютым — 25, то ў сакавіку колькасць вырасла да 412, у красавіку склала ўжо 861, а ў траўні — і зусім 891. Аднак гэта менш, чым летась. Да канца траўня 2023 года паліцыя зафіксавала каля 6 тысяч уездаў мігрантаў "беларускім маршрутам" без неабходных дакументаў або візаў.
Нагадаем, міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС працягваецца з вясны 2021 года. У ЕС мяркуюць, што Беларусь і Расія наўмысна дапамагаюць людзям з крызісных рэгіёнаў свету ўязджаць у краіны ЕС без дакументаў, выдаюць ім свае візы і дапамагаюць з лагістыкай. Пра павелічэнне патоку мігрантаў гавораць і польскія ўлады. З кастрычніка 2023 года Германія ўвяла часовы кантроль на ўнутраных межах з Польшчай, Чэхіяй і Швейцарыяй. Гэта было зроблена ў рамках барацьбы са "злачыннасцю, якая займаецца перавозкай нелегальных мігрантаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.