Германія хоча ўвесці кантроль на мяжы з Польшчай — праз нелегалаў з Беларусі

Нямецкія паліцыянты / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Нямецкія паліцыянты / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

Урады федэральных земляў Германіі, якія мяжуюць з Польшчай, занепакоеныя ростам нелегальных мігрантаў з Беларусі. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на нямецкае інтэрнэт-выданне Welt.

Федэральная паліцыя Германіі канстатуе, што на ўчастку мяжы з Польшчай у красавіку было выяўлена 2427 нелегальных уездаў. У сакавіку іх было 1584, а ўзімку яшчэ менш — 1389 у студзені і 1040 у лютым.

Прыводзіцца ў артыкуле меркаванне польскіх уладаў, што мігранты імкнуцца не атрымаць абарону ў Польшчы, а перабрацца ў Заходнюю Еўропу. Пры гэтым ім дапамагаюць беларускія памежнікі. Польская паліцыя заяўляе, што сярод затрыманых шмат сірыйцаў і афганцаў, а таксама грамадзян іншых арабскіх і афрыканскіх краін. Пры гэтым многія з іх маюць расійскія турыстычныя або іншыя візы.

Нямецкае выданне Bild са спасылкай на канфідэнцыйны дакумент федэральнай паліцыі Германіі пісала, што палова арыштаваных на ўсходняй мяжы Германіі ў сакавіку мела сведчанні, што яны трапілі ў ЕС праз Беларусь.

На саміце па праблемах бежанцаў 10 траўня 2023 года канцлер Олаф Шольц і кіраўнікі ўрадаў 16 федэральных зямель дамовіліся пашырыць стацыянарны памежны кантроль. Цяпер міністры ўнутраных спраў Брандэнбурга і Саксоніі, якія мяжуюць з Польшчай, патрабуюць ад федэральнага міністра ўнутраных спраў неадкладна ўвесці стацыянарны кантроль на нямецка-польскай мяжы.

Забараніць уезд на сваю тэрыторыю Германія можа толькі пасля паведамлення пра гэта ў адпаведныя ўстановы ЕС з пазначэннем прычыны такой строгай меры на ўнутраных межах краін — чальцоў Шэнгенскай прасторы. У іншым разе памежны кантроль будзе толькі статыстычным падлікам незаконных перасячэнняў мяжы.

У Welt мяркуюць, што Брусель не стане сур'ёзна супраціўляцца нямецкаму рашэнню, бо 1 траўня Францыя абвясціла пра ўвядзенне стацыянарнага кантролю на ўсіх дзяржаўных межах.

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі з краінамі ЕС узнік у другой палове 2021 года. У Бруселі заявілі, што гэта форма гібрыднай вайны, і ўсклалі адказнасць за яго на афіцыйны Мінск. У выніку супрацьстаяння Польшча і Літва ў 2022 годзе паставілі агароджы на мяжы з Беларуссю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі