ЗША заявілі пра верагодны запуск Расіяй супрацьспадарожнікавай зброі
РФ распрацоўвае новую касмічную зброю, якая "выклікае непакой" (ілюстрацыйнае фота)
ЗША заявілі пра верагодны запуск Расіяй супрацьспадарожнікавай зброі. Ваенныя эксперты даўно папярэджваюць, што ваенныя дзеянні могуць быць перанесены ў космас, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Расія запусціла спадарожнік, які можа быць выкарыстаны для нападаў на іншыя спадарожнікі, на мінулым тыдні. У Пентагоне звяртаюць увагу, што ён знаходзіўся на "той жа арбіце", што і амерыканскі спадарожнік. Вашынгтон працягвае сачыць за сітуацыяй, "каб абараніць свае інтарэсы". Расія публічна не пракаментавала гэтае пытанне.
ЗША і РФ у апошнія тыдні неаднаразова сутыкаліся ў ААН па пытанні касмічнай зброі. Прычым абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў імкненні мілітарызаваць космас.
Прадстаўнік касмічнага камандавання ЗША паведаміў Reuters, што спадарожнік, "імаверна, з'яўляецца супрацькасмічнай зброяй, меркавана здольнай атакаваць іншыя спадарожнікі на нізкай калязямной арбіце". Спадарожнік "Космас 2576" быў запушчаны амаль тыдзень таму з расійскага касмадрома Плясецк "у інтарэсах Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі".
З моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022-га Расія папярэджвае, што амерыканскія спадарожнікі, якія дапамагаюць украінскаму войску, "могуць стаць законнымі цэлямі".
У лютым 2024-га Белы дом прызнаў, што РФ распрацоўвае новую касмічную зброю, якая "выклікае непакой", але настойваў на тым, што яна яшчэ не разгарнула яе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.