Зянон Пазняк наведаў каліноўцаў у Бахмуце
Дзмітрый Шчыгельскі, Зянон Пазняк, Павел Усаў у Бахмуце / t.me/belwarriors
Зянон Пазняк наведаў байцоў палка Кастуся Каліноўскага ў Бахмуце, у ваколіцах якога ідуць жорсткія баі. Фотаздымкі візіту апублікавала прэс-служба палка.
У каментары Радыё "Свабода" намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук паведаміў, што з ініцыятывай гэтай паездкі выступіў Пазняк.
"Ідэя была ягоная. Мы прыкінулі, што яе можна рэалізаваць. Там баявыя дзеянні не спыняюцца ўвесь час. Мы паказалі побыт хлопцаў, як яно выглядае ўсё ў рэальнасці. Зянон Станіслававіч сказаў, што паездка для яго была натхняльная, ён ажно памаладзеў", — распавядае Кабанчук.
Па яго словах, Пазняк з кіраўніцтвам ПКК і байцамі як у Кіеве, так і ў Бахмуце абмяркоўваў "вайскова-палітычную сітуацыю, стратэгічныя мэты, якія стаяць перад нацыянальна-вызвольным рухам, да якога адносіцца і наш полк".
Кабанчук кажа, што візіт Пазняка ў Бахмут рыхтаваўся ў таямніцы, таму стаў для байцоў нечаканасцю."Не ўсе нашы хлопцы і дзяўчаты прыхільнікі Пазняка. Але ён цікавы многім, бо стаяў ля вытокаў аднаўлення нашай незалежнасці, ён цікавы суразмоўца. Для маладых байцоў гэта было як дакрануцца да гісторыі. Пытанні да яго былі абсалютна розныя, і ён шчыра і адкрыта адказваў на іх", — дадае прадстаўнік каліноўцаў.
Разам з Пазняком на сустрэчы з байцамі ў Бахмуце былі Павел Усаў і Дзмітрый Шчыгельскі як прадстаўнікі руху "Вольная Беларусь“. "Яшчэ да візіту ў Кіеў і Бахмут яны дапамаглі нам транспартам — мікрааўтобусам і дронамі", — тлумачыць Кабанчук.
Паерад тым Пазняк наведаў Львоў і Кіеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.