10 летніх фэстаў, на якія варта паехаць
Еўрарадыё прапануе гід па фестывалях, якія адбудуцца летам не вельмі далёка ад Беларусі, але на якія лёгка выправіцца беларусам.
Metallica, Pearl Jam, Дэйман Элбарн, Black Sabbath, Kings of Leon, Лілі Ален, Nine Inch Nails... Еўрарадыё праштудзіравала летнюю фестывальную афішу ў суседніх краінах і вызначыла бліжэйшыя месцы канцэнтрацыі зорак сусветнай велічыні. Дарэчы, наведаць музычныя святы жыцця можна дзякуючы беларускім “музычным аўтобусам”!
Rock Im Park 2014, Нюрнберг, 6-9 чэрвеня
У першыя выхадныя чэрвеня аматары актуальнай музыкі з усёй Еўропы выправяцца на Rock Im Park 2014, які пройдзе ў нямецкім Нюрнбергу. Цягам 4 дзён (з 6 па 9 чэрвеня) на пляцоўках фэсту выступяць Gogol Bordello, Kasabian, Kings Of Leon, Linkin Park, Metallica, Nine Inch Nails, Queens Of The Stone Age, Slayer. Прычым, беларусы таксама могуць спрычыніцца да музычнай эпапеі дзякуючы аўтобуснаму туру, які ладзіцца сайтам muztravel.by.
Impact Festival 2014, Лодзь, 11-12 чэрвеня
У межах Impact Festival 2014, што пройдзе ў польскай Лодзі 11-12 чэрвеня, выступяць Black Sabbath і Aerosmith. Знакамітыя рокеры будуць кружыць вакол Беларусі пачынаючы з траўня. Aerosmith можна да таго ж паслухаць у Кіеве, Вільні, Маскве. Black Sabbath таксама сыграюць у расійскай сталіцы. На маскоўскія канцэрты абедзвюх каманд будуць арганізаваныя аўтобусныя туры з Мінска.
Orange Warsaw Festival 2014, Варшава, 13-15 чэрвеня
Выбуховая сумесь зорак чакаецца на Orange Warsaw Festival 2014, які будзе грымець на галоўным варшаўскім Stadion Narodowy з 13 па 15 чэрвеня. За тры фестывальныя дні на сцэну выйдуць Queens of the Stone Age, Florence and the Machine, Pixies, Timbaland, The Kooks, Ska-P, Лілі Ален і шматлікія іншыя зоркі першай велічыні. Трапіць на музычнае свята можна з бас-турам, які ладзіцца з Мінска кампаніяй “Дэльфін-груп”. Кампанія таксама аказвае візавую падтрымку.
Life Festival Oświęcim 2014, Асвенцым, 27-28 чэрвеня
Напрыканцы чэрвеня ў польскім Асвенцыме мае адбыцца Life Festival Oświęcim 2014. Сярод яго хэдлайнераў — Soundgarden. Амерыканскі квартэт выйдзе на сцэну стадыёна MOSiR двойчы, 27 і 28 чэрвеня. У межах фэсту таксама адбудуцца канцэрты Эрыка Клэптана, Balkan Beat Box, Luxtorpeda і іншыя.
Malta Festival Poznan 2014, Познань, 29 чэрвеня
Завершыць гарачы польскі чэрвень лідар Blur Дэйман Элбарн. Брытанец выступіць у межах традыцыйнага познаньскага фэсту Malta Festival. Музыка прадставіць публіцы сваю дэбютную сольную пласцінку “Everyday Robots”.
PARK LIVE Festival 2014, Масква, Кіеў, 27-29 чэрвеня
Альтэрнатывай Клэптану, Элбарну і Soundgarden могуць стаць выступоўцы PARK LIVE Festival 2014, які пройдзе ў маскоўскім ВВЦ у апошнія выхадныя чэрвеня. Паслухаць Мэрыліна Мэнсана, The Prodigy , Skillet, ENTER SHIKARI, HOLLYWOOD UNDEAD, DIE ANTWOORD можна набыўшы бас-тур кампаніі “Дэльфін-груп”. Дарэчы, паралельна маскоўскаму будзе праходзіць PARK LIVE Festival 2014 у Кіеве. The Prodigy і DIE ANTWOORD да Кіева не даедуць, затое вялікі і жахлівы дзядзька Мэрылін перад украінскай публікай выступіць.
Open’er Festival 2014, Гдыня, 2-5 ліпеня
Першыя выхадныя ліпеня варта правесці ў польскай Гдыні на знакамітым Open’er Festival 2014. Сёлетні лайн-ап фэста, як, зрэшты, звычайна, стракоча гучнымі імёнамі The Black Keys, MGMT, Pearl Jam, Interpol, Metronomy. Па традыцыі, на фэст будзе арганізаваны бас-тур з Беларусі.
Sonisphere Festival Poland 2014, Варшава, 13-15 ліпеня
У сярэдзіне лета аматары "Металікі" могуць накіроўвацца у Варшаву. З 13 па 15 ліпеня там пройдзе Sonisphere Festival Poland 2014. Яго хэдлайнерамі стануць і легендарныя амерыканскія металісты, якія дадуць у польскай сталіцы адзін з 15 канцэртаў сусветнага тура. У фэсце таксама возьмуць удзел амерыканцы Alice in Chains, нарвежцы Kvelertak і іншыя музыкі. Натуральна, што беларускія "металічныя" фэны не застануцца ў баку ад такой падзеі і могуць выправіцца на Sonisphere Festival усё тым жа "музычным аўтобусам".
"Пікнік Афішы", Масква, 19 ліпеня
19 ліпеня ў маскоўскім парку "Каломенскае" пройдзе 11 па ліку "Пікнік Афішы". Хэдлайнерамі сёлетняй імпрэзы заяўленыя MGMT, Suede і Jamiroquai. У сацсетках арганізатары пішуць, што публіку чакаюць і іншыя гучныя імёны.
Sziget, Будапешт, 11-18 жніўня
На знакамітым востраве ў Будапешце з 11 па 18 жніўня адбудзецца адзін з найвядомейшых фэстаў Еўропы Sziget. Сёлетні кактэйль удзельнікаў не менш прывабны, чым у папярэднія гады. Меламанаў чакаюць Placebo, Klaxons, Queens of the Stone Age, The Prodigy, Лілі Ален і іншыя зоркі, а таксама бас-тур з Беларусі!
Адшукаць фэст у любой кропцы свету і на любы густ можна тут.
Фота: wtripie.pl, www.festivalhopper.de, lifefestival.pl, wowmoscow.net