101-гадовая ветэранка вайны адмовілася ад беларускага грамадзянства
101-гадовая ўраджэнка Беларусі, ветэранка Вялікай Айчыннай вайны Ганна Конанава змяніла беларускае грамадзянства на расійскае. Пра гэта паведаміла прэс-служба ГУ МУС Расіі па Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці.
Расійскі пашпарт ветэранцы асабіста ўручыў начальнік упраўлення генерал-маёр паліцыі Раман Плугін.
Ганна Конанава жыла ў Беларусі да канца 2017 года, а потым пераехала да сваякоў у Санкт-Пецярбург. У студзені 2018 года ёй выдалі від на жыхарства замежнага грамадзяніна. А 7 сакавіка 2019 года жанчына папрасіла выдаць ёй грамадзянства Расіі ў спрошчаным парадку, бо ў яе ў Расіі пражываюць сваякі.
Ганна Конанава нарадзілася 2 жніўня 1917 года ў вёсцы Клюкі Расонскага раёна Віцебшчыны. У 1936 годзе прыехала ў Ленінград, дзе працавала буфетчыцай у Кіраўскім трэсце сталовых, адначасова скончыла 7 класаў вечаровай школы.
У жніўні 1942 года яе прызвалі на фронт. Службу жанчына праходзіла на Балтыйскім флоце на пасадзе старшага чырвонафлотца. Служыла ў Гвардзейскай артылерыйскай дывізіі войскаў СПА ў Кранштаце. Была сувязісткай, несла дзяжурства па назіранні за небам Ленінграда.
Конанава ўзнагароджаная ордэнам "Айчыннай вайны" другой ступені, медалём "За абарону Ленінграда", юбілейнымі медалямі да 40, 60, 65, 70 гадоў Перамогі. Мае пасведчанне ветэрана двойчы Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту.
Пасля перамогі жанчына працягнула працаваць у трэсце сталовых. Нарадзіла дваіх сыноў. Цяпер яны грамадзяне Расіі, пенсіянеры.
У 1972 годзе Ганна Конанава вярнулася ў Беларусь, дзе пражывала да кастрычніка 2017 года. Потым пераехала да сыноў у Санкт-Пецярбург.