Да 4,5 тысяч замежнікаў штогод атрымліваюць беларускае грамадзянства — МУС
Беларускія пашпарты, ілюстрацыйнае фота
Беларускае грамадзянства штогод набываюць ад 4 да 4,5 тысячы замежных грамадзян. Пра этм у эфіры СТБ заявіў намеснік начальніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Павел Хрышчановіч. Паводле яго, гэтая лічба практычна не мяняецца цягам апошніх 10 гадоў. Часцей за ўсё аб атрыманні беларускага пашпарта хадатайнічаюць выхадцы з Украіны, Расіі і Казахстана. Аднак "ёсць і многія іншыя краіны і далёкага замежжа, у тым ліку і Палестына ёсць, і Афганістан", — кажа Хрышчановіч. Па яго словах, апошнім часам пра жаданьне атрымаць беларускае грамадзянства таксама заяўляюць грамадзяне Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Яшчэ адна ўдзельніца праграмы сябра Савета Рэспублікі Ала Смаляк распавяла, што з пачатку вайны ў Беларусь заехалі 3,5 тысячы ўкраінцаў. Праўда, засталіся ў краіне каля 1,5 тысячы. 600 з іх папрасілі аб прадастаўленні статусу бежанца. Астатнія паехалі далей, часткова ў Расію, часткова — у краіны ЕС. Цяпер, са слоў Смаляк, некаторыя з іх вяртаюцца. "Мы назіраем тэндэнцыю, што ўкраінцы, якія заязджалі да нас два гады таму, яны вяртаюцца назад да нас у Беларусь. Просяць, каб мы зноў іх прытулілі, дапамаглі з працай і жыллём", — заявіла яна.
У краінах ЕС у мінулым годзе першыя ВНЖ атрымалі больш за 300 тысяч грамадзян Украіны. Калі вайна толькі пачалася, гэтая лічба набліжалася да 900 тысяч. Беларусы па выніках мінулага года занялі другое месца пасля ўкраінцаў па колькасці атрыманых першых ВНЖ у краінах ЕС. У 2023 годзе свой першы дазвол на пражыванне ў краінах Еўрасаюза атрымалі 281 279 беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.