Данія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты
Сцяг Даніі
Данія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, заявіў кіраўнік МЗС краіны Ларс Лёке Расмусен.
Таксама Данія пачне выдаваць грамадзянам Беларусі пашпарты замежнікаў.
Рэжым Лукашэнкі забараніў дыппрадстаўніцтвам за мяжой мяняць пратэрмінаваныя дакументы: ад беларусаў патрабуюць вяртацца на радзіму і звяртацца ў МУС для абмену дакументаў. Для палітуцекачоў гэта азначае трапіць пад рэпрэсіі і, верагодна, апынуцца ў турме. Гэтую праблему палітуцекачы часта вырашаюць праз атрыманне пашпарта замежніка.
"Мы забяспечым спакой беларусам, якія знаходзяцца ў Даніі, і я вельмі-вельмі рады гэтаму. Было б жахліва, калі б мы сказалі некаторым беларусам, якія знаходзяцца ў Даніі, што мы шкадуем, але яны павінны наведаць Мінск, каб падоўжыць свае пашпарты, калі мы ведаем, што гэта прамы шлях у турму", — прыводзіць @motolkohelp словы кіраўніка дацкага МЗС.
Заява прагучала пасля таго, як у Рэйк'явіку Расмусен на сесіі Паўночнай рады сустрэўся з лідаркай беларускіх дэмсілаў Святланай Ціханоўскай.
Таксама варта дадаць, што ў Даніі працуе адна з самых актыўных беларускіх дыяспар у Еўропе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.