13 заражаных каранавірусам выявілі ў Лёзне
Першыя афіцыйныя звесткі пра каранавірус прыйшлі з Лёзна. Па стане на 14 красавіка ў гэтым райцэнтры зафіксавалі 13 выпадкаў заражэння каранавірусам COVID-19, піша "СБ. Беларусь сегодня".
Больш за 70 чалавек сталі кантактамі першага ўзроўню, каля 40 — другога.
"Абнадзейвае, што на Лёзненшчыне да 90 адсоткаў шпіталізаваных з прычыны каранавіруса пераносяць яго ў лёгкай форме, а таксама бессімптомна. Расслабляцца не выпадае, робім усё, каб максімальна знізіць фактары рызыкі. Амаль 70 чалавек знаходзяцца на самаізаляцыі, іх штодня правяраюць па месцы жыхарства", — каментуе сітуацыю галоўны дзяржаўны санітарны лекар раёна Аляксей Дзягель.
Па яго словах, у лёзненскіх медыкаў ёсць запас масак, рэспіратараў, спецыяльных акуляраў, супрацьчумных касцюмаў першага тыпу.
Як паведамляла Еўрарадыё, у суседнім з Лёзнам Аршанскім раёне за двое сутак колькасць хворых на COVID-19 вырасла амаль у тры разы — з 15 да 40 чалавек.
Мінздароўя не дае рэгіянальную статыстыку па хворых на каранавірус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.