19 полацкіх пажарных — на каранціне з падазрэннем на каранавірус
Полацкая пажарная часць / planetabelarus.by
У аднаго з супрацоўнікаў Полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС пацвердзілі заражэнне COVID-19. Такую інфармацыю паведаміла Еўрарадыё крыніца ў МНС.
Мужчына цяпер знаходзіцца на лячэнні ў Віцебскай інфекцыйнай бальніцы. Пасля таго як яго мазок на каранавірус даў станоўчы вынік, на каранцін адправілі 19 ратавальнікаў.
Афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі каментаваць гэтую інфармацыю адмовіўся: "Гэта асабістая інфармацыя пра стан здароўя. Нават калі б гэта было так, я б не змог гэтыя звесткі ні пацвердзіць, ні абвергнуць".
На медыцынскую таямніцу спаслаліся таксама ў прэс-службе Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.