200 беларусаў звярнуліся ў амбасаду: ці бягуць нашы з курортаў Францыі і Турцыі

200 беларусаў звярнуліся ў амбасаду: ці бягуць нашы з курортаў Францыі і Турцыі

Пасля тэракту ў французскай Ніцы ды спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі Міністэрства замежных спраў Беларусі раіць нашым турыстам "захоўваць спакой і ў мэтах забеспячэння ўласнай бяспекі выключыць наведванне мнагалюдных месцаў а таксама па магчымасці не пакідаць месцы пражывання". Але па словах дырэктара буйнога турыстычнага агенцтва Atlas Mira, падзеі амаль ніяк не паўплывалі на планы беларусаў адпачыць.

“Як вы разумееце, Францыя — дарагі напрамак, адзінкі яго замаўляюць, — кажа кіраўнік кампаніі. — У нас была замова на жнівень у Ніцу, але жанчына перанесла яе на Італію. Прычым,сказала, што не з-за страху, а, маўляў, як хадзіць па гэтай набярэжнай, дзе столькі чалавек загінула? Там ужо не будзе той атмасферы. І была ў нас перабронь з Турцыі на Кіпр. Мужчына адпраўляў туды цёшчу, жонку і дзіця. Сказаў, што каб ехаў сам, то не мяняў бы, а так, жончына маці незадаволеная, таму перанясем. Астатнія ўсе ляцяць”.

Кампанія толькі адправіла тры самалёты турыстаў на адпачынак у Турцыю, столькі ж паляціць і на гэтым тыдні, пры гэтым больш адмоў няма. Як і няма званкоў са скаргамі ад турыстаў, якія толькі вярнуліся ці знаходзяцца там цяпер.

“Трэба разумець, што гарады, дзе адбыўся путч, былі стрэлы, знаходзяцца вельмі далёка ад курортнай зоны ды марскога ўзбярэжжа, — спрабуюць патлумачыць у агенцтве Smok Travel. — Тэрытарыяльна гэта тое ж самае, што эвакуяваць Беларусь, калі адбываліся вядомыя падзеі ў Кіеве. Па адлегласці гэта прыкладна тое ж самае, што ад Стамбула да бліжэйшых курортаў Анталійскага ўзбярэжжа”.

Беларусы тэлефануюць у турыстычныя агенцтвы, пытаюцца, як там справы, ці не змянілася сітуацыя. Але гэта нармальнае хваляванне, кажуць спецыялісты, людзі баяцца, каб раптам не сарваўся адпачынак.

“Што да тэлефанаванняў з просьбамі пасадзейнічаць у пераносе вылету з Турцыі, то іх было не шмат, — каментуе прэс-сакратар МЗС Зміцер Міроньчык. — Толькі некалькі чалавек звярнулася на гарачыя лініі ў амбасадзе ў Анкары і генеральным консульстве ў Стамбуле. Ім параілі паспрабаваць вырашыць пытанне праз сваіх тураператараў. Улічваючы, што другі раз ніхто не ператэлефаноўваў, то ўсё вырашылася станоўча”.

Агулам на гарачыя лініі беларускай амбасады ў Турцыі патэлефанавала каля 200 чалавек. Але асноўным пытаннем было, ці не змяняецца расклад авіяпералётаў ды як варта паводзіць сябе ў такой сітуацыі.

“Нязначная колькасць людзей памяняла квіткі, — кажуць супрацоўнікі “Белавіа”, там паабяцалі, што замена даты вылету для беларусаў, якія загразлі ў неспакойных месцах, будзе адбывацца без штрафаў. — І, ведаеце, яны ўсе мянялі квіткі не на наступны дзень пасля падзеі. Некаторыя памянялі, напрыклад, на 20-е ліпеня, замест запланаванага 23-га”.

З Францыі такі званок быў толькі адзін, пра яго Еўрарадыё ўжо распавядала. Па словах Змітра Міроньчыка, амбасада ў Парыжы адрэагавала на просьбу беларускай сям’і і дапамагла з пераносам даты вылету. Хіба толькі адбылося гэта не так хутка, як хацелася б.

“Напрыклад, прыходзіць да мяне мужчына і кажа, што ў яго ёсць 3000 долараў, жонка і двое дзяцей і жадаюць яны паехаць у Грэцыю ці Іспанію, — робіць выснову дырэктар кампаніі Atlas Mira. — Пераводзім гэтыя грошы ў еўра, мінусуем візы і ледзь-ледзь нейкі гадзюшнік яму можна прапанаваць. А ў Турцыі за гэтыя грошы можна ўзяць камфортны гатэль з тэрыторыяй, анімацыяй, з пляжам, без візы, з гарантаваным надвор’ем, басейнам і ўсё ўключана. Па кошту гэта безальтэрнатыўны накірунак. Так што будуць турысты туды лётаць і абвалу не прадбачыцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі