280 гадоў таму нарадзіўся беларус, якога называюць бацькам польскай хірургіі

Рафал Юзаф Чарвякоўскі

Рафал Юзаф Чарвякоўскі / Creative commons

Выбітны хірург і акушэр Рафал Юзаф Чарвякоўскі нарадзіўся 280 гадоў таму, 24 кастрычніка 1743 года, недалёка ад Пінска. Яго называюць "бацькам польскай хірургіі". Гісторыю геніяльнага медыка расказвае Polskie Radio.

У 19 гадоў будучы хірург паступіў у школу пры каталіцкім манаскім ордэне піяраў, а затым прыняў пострыг. Гэта адкрыла яму дарогу да адукацыі, і ў 1771 годзе яго адправілі на вучобу ў Рым, а праз 5 гадоў Чарвякоўскі зрабіўся доктарам медыцыны і філасофіі.

Затым ён вучыўся ў Парыжы хірургіі і ў Берліне — акушэрству. Пасля трох гадоў стажыроўкі ў бальніцы Святога Духа ў Рыме ён прыехаў у Польшчу. У 1779 годзе Чарвякоўскі пасяліўся ў Кракаве — у той час горад лічыўся адным з цэнтраў медыцыны.

У 1780 годзе Анджэй Бадурскі, доктар і прафесар медыцыны, заснаваў першую клінічную бальніцу ў Кракаве ў будынку былога езуіцкага каледжа. І ў гэтай клініцы Чарвякоўскі пачаў выкладаць хірургію. Пазней ён пачаў вучыць студэнтаў у Кракаўскай акадэміі. Ён таксама выкладаў анатомію, хірургію і акушэрства. Пры ім была створаная першая ў Польшчы ўніверсітэцкая кафедра хірургіі і акушэрства.

У 1785 годзе ў знак прызнання яго заслуг кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прызначыў яго "прыдворным пісарам". Тады ж Папа вызваліў яго ад манаскага пострыгу.

Падчас паўстання Касцюшкі Чарвякоўскі займаў пасаду галоўнага хірурга войска. Праз некалькі гадоў праз хваробу ён пакінуў акадэмічную кафедру і падрыхтаваў першы падручнік па тэарэтычнай і практычнай хірургіі на польскай мове. Ужо тады яго называлі "бацькам польскай хірургіі".

Яго таксама ведалі дзякуючы дабрачыннасці, бо ён бясплатна лячыў самых бедных людзей і часта даваў бясплатныя кансультацыі. Чарвякоўскі завяшчаў універсітэту багатую калекцыю кніг, навуковых прац і спецыялізаваных хірургічных і артапедычных інструментаў. Іх і цяпер можна ўбачыць у Музеі гісторыі медыцыны Ягелонскага ўніверсітэта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі