29 чэрвеня Лукашэнка паўдзельнічае ў мітынгу-рэквіеме ў лагеры смерці Трасцянец

29 чэрвеня Лукашэнка паўдзельнічае ў мітынгу-рэквіеме ў лагеры смерці Трасцянец

29 чэрвеня на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец" пад Мінскам пройдзе мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр нацызму. У ім прыме ўдзел Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба

У мерапрыемстве, як плануецца, прымуць удзел дэлегацыі з Германіі і Аўстрыі на чале з прэзідэнтамі гэтых краін — Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Аляксандрам ван дэр Беленам. Таксама ў мітынгу-рэквіеме прыме ўдзел экс-прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішар.

Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Польшчы, Чэхіі. У іх ліку называецца дзяржаўны сакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі, намеснік старшыні Палаты дэпутатаў парламента Чэхіі Войцех Філіп. Сусветны яўрэйскі кангрэс будзе прадстаўлены намеснікам галоўнага выканаўчага дырэктара па пытаннях дыпламатыі Марамам Штэрнам.

Мяркуецца, што Лукашэнка правядзе асобныя сустрэчы з прэзідэнтамі Аўстрыі і Германіі. На іх будуць абмяркоўвацца пытанні сумеснага ўшанавання памяці ахвяраў нацызму, а таксама двухбаковае супрацоўніцтва.

Лагер смерці Трасцянец — адзін з найбуйнейшых такіх лагераў, у якіх нацысты знішчалі грамадзянскае насельніцтва. Па колькасці ахвяраў ён лічыцца чацвёртым пасля такіх лагераў смерці, як Асвенцім, Майданэк і Трэблінка. Паводле афіцыйных звестак, у Трасцянцы загінула больш за 200 тысяч чалавек з розных краін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі