49 дзецям з дома-інтэрната на Выгоцкага прызначана энтэральнае харчаванне
49 дзяцей з дома-інтэрната на Выгоцкага, а не 15, як было заяўлена раней Камітэтам па сацабароне Мінгарвыканкама, пачалі атрымліваць лячэбнае энтэральнае харчаванне. Такое рашэнне прынялі спецыялісты з Камітэта па ахове здароўя і Міністэрства здароўя, якія цяпер працуюць з хворымі выхаванцамі.
"Вызначылі, што такое харчаванне цяпер трэба 49 дзецям, некаму цалкам, некаму — курсамі", — распавяла часопісу "Имена" доктар Марына Федарэнчык. Паводле інфармацыі часопіса, матэрыял якога зрабіў шырокі розгалас сярод беларусаў і прымусіць розныя ведамствы праверыць інтэрнат, Марына Федарэнчык цяпер выконвае абавязкі дырэктара інтэрната, бо папярэдняга кіраўніка Валерыя Сіўцова звольнілі. Праўда, прычыны, піша выданне, пакуль не агучваюцца.
Доктар Аляксей Мамотаў, які распавёў пра праблемы інтэрната "Именам", дадаў, што сумесна з дыетолагамі для кожнага дзіцяці цяпер распрацоўваецца індывідуальная дыета.
У мінскім інтэрнаце, а таксама ў 9 іншых падобных установах, якія знаходзяцца ў розных месцах Беларусі, цяпер праводзяцца праверкі Генеральнай пракуратуры. Высвятляецца, чым кормяць дзяцей і якім чынам інтэрнаты размяркоўваюць бюджэты.
Дарэчы, неабыякавыя беларусы сабралі 67 987 рублёў ($34,6 тысяч) на энтэральнае харчаванне (на сёння гэта самая вялікая сабраная сума на беларускім краўфандынгу). Гэтыя грошы цяпер знаходзяцца на пазабюджэтным рахунку інтэрната. Дзякуючы сродкам, пэўная частка харчавання ўжо закуплена. Яшчэ адна частка набытая за бюджэтныя грошы.