"Нашы дзеці, якія маюць пэўныя псіхічныя захворванні, ніколі не адновяцца"

"Нашы дзеці, якія маюць пэўныя псіхічныя захворванні, ніколі не адновяцца"

Інтэрнэт узарвалі фота ненатуральна худых дзяцей-сірот з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія жывуць у мінскім доме-інтэрнаце на Выгоцкага: у свае дваццаць многія з іх важаць як трохгадовыя дзеці. У артыкуле да фота распавядаецца, што прычына нізкай вагі хаваецца ў тым ліку і ў няправільным харчаванні дзяцей. Ім неабходная індывідуальна распрацаваная дыета, але іх кормяць як звычайных людзей, і такая ежа кепска засвойваецца. Адпаведна, дзеці худзеюць. Да таго ж, патрэбны масаж, а рэабілітолага ў інтэрнаце няма. Выправіць сітуацыю ў некаторых выпадках (калі дзеці нядаўна паступілі ў інтэрнат) можа высокакаларыйнае энтэральнае (лячэбнае) харчаванне. Пра гэтае харчаванне некалькі гадоў таму мясцовым дактарам расказаў аўстрыйскі ўрач. Паспрабавалі дакормліваць выхаванцаў і ўпэўніліся ў яго рацыі. Праўда, такая ежа дарагая, на яе ў інтэрната няма грошай.

Аўтар рэзананснага артыкула Кацярына Сінюк удакладняе, што паводле інфармацыі, атрыманай ад супрацоўнікаў інтэрната, у 2015 годзе яны звярталіся ў камітэт сацабароны (не Мінздароўя, у размове Кацярына агаварылася, — заўв. Еўрарадыё) з просьбай арганізацыі паліятыўнай дапамогі. Копія дакумента, зафіксаваная ў дасланых лістах інтэрната, перададзеная правяраючым органам.

Чыноўнікі рэагуюць на артыкул імгненна: маўляў, навошта вы робіце гучныя заявы на ўсю краіну, а мы не ў курсе сітуацыі? І ўвогуле, з чаго вы ўзялі, што вашым дзецям патрэбнае гэтае энтэральнае харчаванне? Тут жа камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама знаходзіць дактароў, якія выпісваюць 15-ці выхаванцам лячэбнае харчаванне. Такое ж харчаванне, па інфармацыі Еўрарадыё, закупаецца за кошт бюджэту ў іншыя падобныя інтэрнаты, якіх у Беларусі 10!

"У нашым інтэрнаце тыя, каму неабходна, атрымліваюць энтэральнае харчаванне. Колькі такіх дзяцей, я не лічыў, — кажа Вячаслаў Клімовіч, дырэктар Вясноўскага дома-інтэрната, што ў Глускім раёне. Праўда, за якія грошы інтэрнат набывае харчаванне, 500 грамаў якога каштуе ў сярэднім 53 рублі, — спонсарскія ці бюджэтныя, — Вячаслаў Уладзіміравіч распавядаць адмаўляецца. Але дадае, што пра энтэрахарчаванне ў інтэрнаце ведаюць даўно, і ў часы міжнароднай дапамогі ахвярам Чарнобыля набыць яго для выхаванцаў не было праблемай. Аднак, мяркуе дырэктар, вялікай ролі падобнае харчаванне ў развіцці хворых не грае:

"Яны не набіраюць вагу не таму, што ў іх кепскае харчаванне, а таму, што ў іх такая псіхіка. Няма засваяльнасці, бо там нават мозга няма. Там зусім іншыя працэсы. Ну, працягнем мы на год гэтае жыццё. Але не факт, што будзе прарыў. Харчаванне — так, важнае, але яны і так атрымліваюць працёртае збалансаванае харчаванне. Але тое, што за імі мусіць быць дагляд, мусіць праводзіцца праца рэабілітолага, гэта натуральна".

Пра энтэральнае харчаванне ведаюць і ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце, што ў Гродзенскай вобласці:

"У нас дзеці атрымлівалі энтэральнае харчаванне. Гэта я магу сказаць дакладна", — кажа ў размове з Еўрарадыё адна з дактароў.

"Нашы дзеці, якія маюць пэўныя псіхічныя захворванні, ніколі не адновяцца"
Фота Аляксандра Васюковіча з дома-інтэрната на Выгоцкага

У Івянецкай установе падобнага тыпу, падаецца, пра такое харчаванне не чулі. Там проста кажуць, што ў іх няма ляжачых хворых.

Дырэктар Чэрвеньскага дома-інтэрната Эла Барысава прызнаецца, што ў інтэрнаце ёсць шэсць выхаванцаў, якія харчуюцца праз зонд. Яны не атрымліваюць энтэральнае харчаванне. Але калі б дактары прыйшлі да высновы, што ў гэтым ёсць неабходнасць (а выхаванцы інтэрната раз на год праходзяць комплекснае абследаванне ў раённай паліклініцы), харчаванне было б закупленае:

"Так, ёсць дзеці, якія, магчыма, пакутуюць ад таго, што ў іх ёсць дэфіцыт масы цела, але гэта абумоўлена іх псіхічным станам а не тым, што мы іх кепска кормім. Зразумейце, энтэральнае харчаванне паказанае тым, хто ў ім мае патрэбу. А патрэбу вызначаюць медыкі. На энтэральным харчаванні чалавек не можа знаходзіцца ўсё жыццё. Дзякуючы яму, ён мусіць аднавіцца. А нашы дзеці, якія маюць пэўныя псіхічныя захворванні, ніколі не адновяцца. Змогуць лепш сябе адчуваць? А адкуль увогуле хто ведае, як яны сябе адчуваюць? Натуральна, па паводзінах можна зразумець, што іх нешта непакоіць. Але як нам зразумець, што яму баліць?

Ляжыць дзіця, у яго тэтрапарэз, то бок, не рухаюцца ні рукі, ні ногі. Якая мышачная маса ў яго будзе нарастаць? За кошт чаго? Нашы дзеці такімі нарадзіліся. І ні масаж, ні нейкія заняткі ім не дапамогуць. Так, рэабілітолага ў нас няма, бо гэта павінен быць чалавек з дыпломам. Але ў нас ёсць інструктары ЛФК, якія займаюцца рэабілітацыяй дзяцей".

Эла Анатольеўна мяркуе, што праблема, пра якую гаворыцца ў артыкуле, ўзнятая не на тым узроўні. Маўляў, яе можна было вырашыць без шуму на ўсю краіну.

"Я ведаю, што для большасці дзяцей нашага дома-інтэрната тое, што яны знаходзяцца ў нас, а не ў сваіх біялагічных сем'ях, лепш, чым яны б там засталіся, бо тут яны дагледжаныя, накормленыя, і для іх усе танцуюць танцы жывата. Мы іх весялім, арганізоўваем вольны час, чаго б дома ў іх не было".

Тым не менш на рахункі мінскага дома-інтэрната працягваюць паступаць грошы на закупку энтэральнага харчавання. На дадзены момант сабрана больш за 34 000 рублёў.

Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі