"50 адценняў шэрага" у Мінску: квіткі ёсць, хоць і не шмат

Патрапіць на прагляд скандальнага фільма "50 адценняў шэрага" Сэма Тэйлара-Джонсана няпроста: беларусы раскупілі 40 тысяч квіткоў за некалькі дзён да прэм'еры.


"Ажыятажы былі на асобныя фільмы, нават на "Цяжка быць Богам", вельмі няпросты фільм, — аналізуе сітуацыю дырэктар "Кінавідэапракату" Васіль Коктыш. — Але іх мы паказвалі ў кароткім пракаце, то бок, два тыдні, і толькі ў адным кінатэатры. Быў на "Німфаманку" попыт, вось, "Левіяфан" на выхадных сабраў поўныя залы ў трох кінатэатрах. Але такога, як з "50 адценняў шэрага" не было даўно. Фільм ідзе ва ўсіх кінатэатрах горада, апроч "Перамогі", і на два тыдні наперад усе квіткі раскупленыя".


"50 адценняў шэрага" у Мінску будуць круціць 3 тыдні (з 12 лютага). Але, як даведалася Еўрарадыё, пра дадатковыя сеансы гаворкі ісці не можа: кантракт менавіта на такі час, а колькасць кінатэатраў у горадзе пакідае жадаць лепшага.


"Разглядаем пытанне, каб некаторыя фільмы зняць з паказу і замест іх дадаць у некаторых кінатэатрах хаця б адзін сеанс "50 адценняў шэрага", каб задаволіць попыт гледачоў, якія не паспеюць паглядзець", — працягвае Коктыш.


Па словах Васіля Пятровіча, прывезці ў Мінск "50 адценняў шэрага" "Кінавідэапракату" не каштуе нічога. Бо тыя кінатэатральныя сеткі (як наш "Кінавідэапракат"), якія працуюць з сусветнымі рэлізамі, не набываюць кіно, ім даюць яго бясплатна.


"А па выніках адлічваем ім 50 адсоткаў, — тлумачыць дырэктар "Кінавідэапраката". — Нам цяжка адмовіцца ад малых рэлізаў, у якія мы не верым, таму што ўсе прадзюсары і дыстрыб'ютары, якія прадастаўляюць нам правы паказу, зацікаўленыя, каб мы бралі максімальную колькасць фільмаў. А мы бярэм з добрых фільмаў лепшае. Але не можам адмовіцца ад паказу буйных карцін, бо ў нас будуць праблемы".


Абтэлефаноўваем некалькі мінскіх кінатэатраў. У "Маскве", напрыклад, ёсць квіткі на чацвер і пятніцу.

У "Цэнтральным" па 15-га лютага квіткоў няма, хіба што, можна знайсці па 1-2 на сеанс. Такая ж сітуацыя ў "Беларусі".


"На суботу (14 лютага) большая частка квіткоў прададзеная, але пакуль што квіткі ёсць, — кажуць у кінатэатры "Кастрычнік". — На нядзелю квіткоў крыху больш, але таксама, відаць, будзе поўная зала. Найбольш квіткоў прададзена на чацвер і на суботу. Але на бліжэйшыя 4 дні квіткі яшчэ ёсць".

Нагадаем, "50 адценняў шэрага" — экранізацыя аднайменнага эратычнага раману Э.Л. Джэймс. Паводле сюжэту, выпускніца каледжа Анастэйша па просьбе сваёй сяброўкі бярэ інтэрв'ю ў мільярдэра Крысціяна Грэя. Інтэрв'ю атрымліваецца не вельмі ўдалым, і дзяўчына думае, што ніколі больш не ўбачыць багача, які, безумоўна, ёй вельмі спадабаўся. Аднак усё змяняецца, калі Грэй з'яўляецца ў краме, дзе працуе Анастэйша. Яны пачынаюць сустракацца, і дзяўчына паступова даведваецца пра таемныя сексуальныя фантазіі Крысціяна.

Фота: www.youtube.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі