6 тысяч рублёў? Гэта ж геній! Карціна Язэпа Драздовіча з’явілася на аўкцыёне

“Маладыя” Язэпа Драздовіча / ay.by

“Маладыя” Язэпа Драздовіча / ay.by

У Беларусі прадаюць карціну легендарнага мастака Язэпа Драздовіча. Гэта твор 1930-х гадоў “Маладыя”. Пазначаная цана — 5980 рублёў, “магчымы торг”. На гандлёвай пляцоўцы з’явіўся адпаведны лот ад салона жывапісу і антыкварыяту “РаритетЪ”.

6 тысяч рублёў? Гэта ж геній! Карціна Язэпа Драздовіча з’явілася на аўкцыёне
Лот з карцінай Язэпа Драздовіча / ay.by

Еўрарадыё даведалася, як твор Драздовіча з’явіўся ў продажы. А таксама абмеркавала з экспертам, ці сапраўднае палатно і ці мусяць падобныя рэчы прадавацца.

 

“Знойдзеная на закінутым хутары”

“Маладыя” — карціна, напісаная алейнымі фарбамі па палатне. Яе памер — 50х85 см. На адваротным баку пазначана, што яна была калісьці “знойдзеная на закінутым хутары паблізу Падсвілля”. Таксама напісана, што праца “са збору А. Марачкіна”

6 тысяч рублёў? Гэта ж геній! Карціна Язэпа Драздовіча з’явілася на аўкцыёне
Адваротны бок “Маладых” Драздовіча / ay.by

Алесь Марачкін — беларускі мастак з псеўданімам Алесь Мара. Ён зрабіў вялікі ўнёсак ва ўратаванне спадчыны Язэпа Драздовіча. Справа ў тым, што апошнюю частку жыцця Язэп Драздовіч пражыў на Дзісеншчыне. Час для мастака быў няпросты. Ён быў вымушаны хадзіць па вёсках і прапаноўваць сваю працу за невялікую плату, ежу і прытулак. Так ён стварыў шэраг карцін і маляваных дываноў, якія і засталіся ў розных месцах.

Язэп Драздовіч памёр ў 1954 годзе. А Алесь Мара знайшоў “Маладых” у 1970-х гадах. Ён вандраваў па вёсках, у якіх бываў Язэп Драздовіч, і збіраў яго творы. Асабліва нікому яны і не былі тады патрэбныя. Быў выпадак, калі Алесь Мара ехаў на ровары праз вёску і заўважыў маляваны дыван Драздовіча на сабачай будцы. Яе дах быў дзіравы, таму гаспадыня паклала на будку дыван, не ведаючы, што гэта насамрэч. Прыкладна ў такіх абставінах Мара і знаходзіў творы Язэпа Драздовіча.

Шмат з іх цяпер ў музеі ў Заслаўі, а “Маладыя” да апошняга часу заставаліся ў Алеся Мары. Звязацца з самім мастаком у Еўрарадыё не атрымалася. Але крыніца, знаёмая з сітуацыяй, паведаміла, што Марачкін сапраўды прадаў “Маладых” некалькі месяцаў назад за невялікі кошт.

 

А Драздовіч сапраўдны?

6 тысяч рублёў? Гэта ж геній! Карціна Язэпа Драздовіча з’явілася на аўкцыёне
Подпіс Язэпа Драздовіча на карціне “Маладыя” / av.by

Арыгінальнасць твора вызначаюць спецыялісты. Напрыклад, калі музей хоча набыць нейкі твор, праводзіцца даследаванне.

У нашым выпадку мы бачым шмат першасных аргументаў за арыгінальнасць гэтага твора, — кажа мастацтвазнаўца Мікіта Моніч. — У нас ёсць сувязь з калекцыяй, сувязь са значнай асобай — Алесем Марай. Ёсць такі цудоўны момант — твор знойдзены на хутары. Гэта супадае з біяграфіяй Драздовіча, афіцыйным жыццяпісам мастака. І ўсё ўкладаецца вельмі добра ў гэтую легенду, такую прынятую гісторыю.

З другога боку, гэта можа нават выклікаць падазрэнні — занадта ўсё ладна складаецца. Таму трэба даследаваць, глядзець уважліва.

 

“Як гэта, геній на аўкцыёне?!”

Пакуль “Маладыя” Драздовіча не ў музеі, а прапануюцца ўсім жадаючым. Атрымліваецца, невядома, што будзе з творам нацыянальнага мастака.

Калі ўвогуле з’яўляецца [у продажы. — Еўрарадыё] твор вядомага, выбітнага, значнага мастака, гэта, канешне, добра, — кажа Мікіта Моніч. — Пэўнае здзіўленне, якое мы можам адчуць, гледзячы на гэта, звязанае з тым, што ў нас у краіне няма сфарміраванага арт-рынку. Мы прызвычаіліся бачыць гэтыя творы толькі ў музеях, чуць каментар, што вось “ён геній, мы яго музеіфікавалі”. І пасля мы бачым ау.by, нейкі аукцыён, дзе звычайна прадаюцца значна менш каштоўныя рэчы, і такія: “Як гэта, геній на аўкцыёне?!”

Але творы мастацтва прадаюцца па ўсім свеце, адзначае суразмоўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі