7 пытанняў, якія трэба ведаць пра новага прэм’ера Украіны
Вярхоўная Рада Украіны 14 красавіка звольніла прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка і прызначыла на яго пасаду Уладзіміра Гройсмана. Яго кандыдатуру прапанаваў прэзідэнт Пётр Парашэнка. За гэтае рашэнне прагаласавалі 257 дэпутатаў з 390 прысутных (трэба было набраць не менш за 226 галасоў).
Чаму Яцанюк пайшоў у адстаўку?
За апошні год рэйтынг Яцанюка рэзка панізіўся, — тлумачыць украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка. Гэта адбылося і з-за эканамічнага крызісу, і з-за паніжэння ўзроўню жыцця людзей, і з-за непапулярных рашэнняў (павышэнне камунальных тарыфаў). Адначасова з гэтым у яго рэзка пагоршыліся стасункі з парламентам і парламенцкай большасцю.
Адкуль прыйшоў Гройсман?
На дадзены момант Уладзімір Гройсман — гэта самы малады прэм’ер-міністр Украіны. Яму 38 гадоў. У свой час ён праславіўся тым, што быў самым маладым мэрам абласнога цэнтра, Вінніцы.
На гэтай пасадзе ён стаў вядомым ўсёй краіне, як самы прагрэсіўны мэр-рэфарматар. З усёй Украіны ў Вінніцу прыязджалі пераймаць досвед муніцыпальнага кіравання. Менавіта там ён атрымаў вялікую вядомасць і пазітыўную рэпутацыю. Па словах украінскага палітолага Яўгена Магды, рэйтынг Гройсмана там нават цяпер — каля 80%.
На баку якіх палітычных сіл выступаў Гройсман?
У 2014 годзе яго запрасілі ва ўрад Яцанюка віцэ-прэм’ерам па развіцці інфраструктуры і рэгіянальнай палітыкі. Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка кажа, што на гэтай пасадзе ён адзначыўся рэформай бюджэтнай дэцэнтралізацыі. За апошнія два гады яе называюць адной з нешматлікіх паспяховых рэформаў.
Восенню 2014 года Гройсман быў абраны ў парламент па спісах блока Парашэнкі і стаў старшынёй Вярхоўнай рады Украіны. Але мае і сваю партыю — "Вінніцкая еўрапейская стратэгія".
Ці быў Гройсман на Майдане?
Уладзімір Фясенка кажа, што пра гэта дакладна не вядома, але ён не трыбунны палітык. “Хоць Гройсман і належыць да новага пакалення ўкраінскіх палітыкаў, якія зрабілі кар’еру ўжо ў незалежнай Украіне, але ён, хутчэй, практык, гаспадарнік”.
Не можа ўзгадаць пра актыўныя дзеянні Гройсмана і Яўген Магда, але дадае: “Выступаць на Майдане — не значыць быць эфектыўным кіраўніком”.
Якой будзе палітыка новага прэм’ера?
На думку Фясенкі, у палітыцы новага ўрада будзе пераймальнасць —еўрапейская інтэграцыя, працяг структурных рэформаў, умацаванне абароназдольнасці, узнаўленне супрацоўніцтва з МВФ.
Хоць Гройсман і з’яўляецца чалавекам Парашэкі, ён не будзе яго марыянеткай, мяркуе палітолаг:
“Ён будзе дастаткова самастойнай фігурай. Ён даказаў гэта ў працэсе стварэння ўрада. Ён паказаў характар, адстаяў правядзенне ва ўрад сваіх людзей. Выступіў супраць некаторых кандыдатур, якія нават падтрымліваў Парашэнка”.
Ці будзе палітыка Гройсмана адрознівацца ад палітыкі Яцанюка?
“Гройсман будзе праводзіць больш гнуткую палітыку. У прыватнасці, ён будзе шукаць баланс паміж неабходнасцю працягнуць супрацоўніцтва з МВФ і выконваць яго патрабаванні і адначасова забяспечваць хаця б адносную сацыяльную стабільнасць. Ён будзе больш увагі надаваць пытанням сацыяльнай стабільнасці і паскарэнню эканамічнага развіцця”, — кажа Уладзімір Фясенка.
У адрозненні ад урада Яцанюка, Гройсман будзе больш увагі надаваць працы з парламентам, былому спікеру гэта будзе прасцей.
На думку Яўгена Магды, новаму прэм’еру давядзецца працаваць больш інтэнсіўна, бо ён не мае крэдыту даверу, які меў Яцанюк у свой час. Першыя вынікі Гройсман мусіць паказаць ужо ўвесну. Бо яго няўдача будзе азначаць датэрміновыя парламенцкія выбары.
Якім будзе новы ўрад?
Ужо вядомы папярэдні склад новага ўрада — там будзе 6 віцэ-прэм’ераў. Каля траціны кабінета міністраў будуць складаць людзі з Народнага фронту (партыі былога прэм’ера Яцанюка), астатнія — з блока Пятра Парашэнкі. Ёсць некалькі чалавек Гройсмана, а таксама людзі не з партыйнага асяроддзя — адміністратары.
У новага прэм’ера будзе больш разнастайная апазіцыя. Да прыкладу, Юлія Цімашэнка перайшла ў апазіцыю яшчэ ў лютым, яе сілы выйшлі са складу кааліцыі і прасоўвалі ідэю датэрміновых выбараў. Гэтая партыя галасавала супраць кандыдатуры Гройсмана.