9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”

У суботу 21 траўня ў Мінску адбудзецца "Ноч музеяў". І калі раней сталічныя музеі толькі вучыліся, чым можна прыцягнуць гледача, то цяпер могуць нават адзін з адным паспаборнічаць — у каго атрымалася круцей.

Еўрарадыё праглядзела музейныя прапановы і склала свой топ, куды абавязкова пойдзе.

1. У Музеі гісторыі беларускага кіно кіно не будзе. А будзе Саша Варламаў з інсталяцыяй Мінскага тэатра моды, кінадэфеле, якое пракаментуе гісторык моды Таццяна Церашковіч, выстава з рознымі ўпрыгожаннямі і цікавымі строямі, фотазоны і кавярня. 

Дзе: Свярдлова, 4, з 18:00 да 00:00. Кошт з лекцыямі 60 тысяч, без лекцый — 40.

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”
Саша Варламаў падчас "Мельніцы моды". Фота commons.wikimedia.org

2. У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча выступіць Георгій Дабро. Чым парадуе шансанье аматараў літаратуры — сваёй версіяй "Зоркі Венеры" ці ўласным "Бальзаковским возрастом" — невядома. Затое вядома, што таксама будуць прэзентаваныя кнігі ад часопіса "ПрайдзіСвет", у тым ліку і "Шэрлак Холмс" па-беларуску.

Дзе: Багдановіча, 6. З 15:00 да 23:00. Кошт 50 тысяч.

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”
Георгій Дабро. Фота Ultra-music

3. Нацыянальны мастацкі музей прапануе шырокую праграму, для гэтага нават задзейнічае новы корпус. Па-першае, у межах "Ночы" чакаецца выступ французскага тэатра "Заўтра вясна" (пачнецца ў 20.00), будуць таксама перформанс "Ідзі за чалавекам у капелюшы", які пазнаёміць наведальнікаў з экспанатамі музея, усходняя медытацыя, гульні, стрыт-арт, музыка ад "НагУаля", Chatte Noir, Tomato jam, Lumiere Tales, відэамэпінг з Хруцкім і Бялыніцкім-Бірулем.

Дзе: Леніна, 20. З 19.00. Квіткі ў суботу — 100 тысяч. Загадзя — 70.

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”
"Ноч музеяў" ля мастацкага

4. На карнавал-пагружэнне ў свет мастацтва ў Нацыянальным Цэнтры Сучаснага Мастацтва на Якуба Коласа можна патрапіць бясплатна, калі апрануцца ў духу Фрыды Кало, Вінсэнта ван Гога ды Сальвадора Далі. Яшчэ там будуць танцы ды майстар-класы Drink & Draw. У музеі на Някрасава варта наведаць паказ калекцыі дызайнера Natasha Tsuran, прысвечанай Фрыдзе Кало, спектакль пра Эндзі Уорхала, а можна проста патанчыць пад дыджэяў, якія сыграюць проста ў дворыку.

Дзе: Незалежнасці, 47 і Някрасава. З 19.00. Кошт — ад 80-ці тысяч.

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”
Фрыды ад Natasha Tsuran

5. Начную экскурсію па літаратурным Мінску будзе вадзіць сам Адам Глобус: з ліхтарыкам у руках ён правядзе ахвочых да дома, дзе жыў Уладзімір Караткевіч, выпіваў Анатоль Сыс, працаваў Міхась Стральцоў і адбываліся розныя гісторыі ў жыцці пісьменнікаў.

Экскурсія стартуе на Карла Маркса, 36 ля кніжнай крамы "Веды" у 22.00 і заканчваецца на парозе кнігарні "ЛогвінаЎ". Там у сваю чаргу чакаецца кніжная прэзентацыя і літаратурны пунш кожнаму экскурсанту. Экскурсія бясплатная.

 

 

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”
Фота: www.belaruspartisan.org

6. Музей Азгура, як мае быць, будзе адчынены ўсю ноч. Ён прадставіць аўдыёвізуальны перформанс "Прызма ўрбанізму", які размесціцца на трох лакацыях. Так, у скульптурнай зале ў 23:00 пачнуцца лекцыі, якія перацякуць у паказ фільмаў "Урбанізаваны", "Падземка", "Венецыянскі сіндром". У мемарыяльнай зале — будзе фотавыстава і інтэлектуальная музыка. А ва ўнутраным дворыку дыджэі сыграюць сэты, прысвечаныя розным гарадам свету. Напрыклад, Alex Goof будзе адказным за Вільню, Aortha за Берлін, Антон Маскеліадэ — за Маскву, I/DEX — Лісабон.

Дзе: Азгура, 8. З 23:00 да 05:00. Кошт сёння 100 тысяч, у суботу — 150 тысяч рублёў.

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”

7. У Музеі прыроды і экалогіі будуць вучыць беражнаму стаўленню да прыроды. Нават праграму для гэтага прыдумалі, якая ўключае квест "Птушкі каля пушкі", атракцыён "Скрынка загадак прыроды", фітабар, экатату і шмат чаго яшчэ. У дворыку музея адкрыецца ярмарка "Вечаровы яблык", на якой будуць вучыць хадзіць на хадулях і граць на барабанах.

Дзе: Карла Маркса, 12. З 19:00 да 01:00. Кошт: дарослыя — 175 тысяч, студэнты — 135, школьнікі — 120.

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”
Фота: www.fotobel.by

8. У Літаратурным музеі Янкі Купалы чакаецца святкаванне 100-гадовага юбілею вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч. А заадно і ўсіх, хто адзначае сёлета шлюбны юбілей. Наведвальнікі атрымаюць магчымасць паглядзець архіў перапіскі паэта і яго каханай, паслухаць вершы ў выкананні акцёраў беларускага тэатра, паглядзець вясельныя фота. За музыку будуць адказныя Алесь Камоцкі, Кацярына Ваданосава і гурт "Амарока".

Дзе: Янкі Купалы, 4. З 19:00 да 00:00. Кошт (увага!) — 1 тысяча рублёў!

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”

9. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага збіраюцца прэзентаваць праект "Год скульптуры", над якім працавалі каля 50 беларускіх скульптараў. Гледачы змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах, а таксама ў стварэнні калектыўнага аб'екта, які стане вынікам мерапрыемства. Усё гэта пройдзе пад гукі "Аркестра Фішара" і ўсіх, хто захопіць з сабой гітару. Дарэчы, з гітарай уваход бясплатны.

Дзе: Свабоды, 15. З 19:00 да 00:00. Кошт — 50 тысяч.

9 месцаў, якія варта наведаць у “Ноч музеяў”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі