9 снежня ў Парыжы сустрэнуцца Зяленскі і Пуцін
Увечары 9 снежня ў Парыжы сустрэнуцца Уладзімір Зяленскі і Уладзімір Пуцін. Гэта будзе першы за апошнія тры гады саміт у "нармандскім фармаце". Акрамя лідараў Украіны і Расіі, у ім паўдзельнічаюць прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Ангела Меркель. Гаворка пойдзе пра ўрэгуляванне канфлікту на Данбасе. Першая сустрэча Зяленскага і Пуціна пройдзе на фоне вулічных акцый у Кіеве, якія праходзяць пад лозунгамі "Не капітуляцыі" і "Трымайся далей ад Масквы". "Бі-Бі-Сі" інфармуе, што ўдзельнікі перамоваў не вераць у тое, што ў Парыжы будзе падпісанае пагадненне, якое пакладзе канец канфлікту на ўсходзе Украіны, які працягваецца з 2014 года і забраў ужо тысячы жыццяў.
Уладзімір Зяленскі лічыць ужо саму сустрэчу перамогай. Паводле яго слоў, "з 2016 года не было дыялогу, а значыць не было магчымасці нават размаўляць пра спыненне вайны". Менавіта прэзідэнт Украіны ў пачатку жніўня прапанаваў правесці саміт у "нармандскім фармаце". На яго падрыхтоўку спатрэбіліся некалькі месяцаў. За гэты час адбыўся абмен палоннымі, развядзенне войскаў на трох участках, Украіне Расія вярнула раней захопленыя караблі.
Мяркуецца, што ў Парыжы будзе ўзгоднена далейшае развядзенне войскаў на Данбасе і допуск на тэрыторыю самаабвешчаных рэспублік міжнародных гуманітарных арганізацый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.