90 гадоў таму нарадзіўся Ніл Гілевіч
90 гадоў таму нарадзіўся Ніл Гілевіч (1931 — 2016). Ён быў апошнім Народным паэтам Беларусі, які жыў сярод нас (атрымаў гэтае званне ў 1991-м).
З першым вершам Гілевіч дэбютаваў у 15 гадоў, апублікаваў яго ў часопісе "Бярозка". Выдаў некалькі дзясяткаў кніг вершаў, прозы. Напісаў 15 п’ес, але ніводную з іх не паставілі на сцэне.
Верш "Вы шуміце бярозы" стаў сапраўды народнай песняй ("А я лягу-прылягу"), якую выконваў Анатоль Ярмоленка.
Ніл Гілевіч вядомы як перакладчык, пераклаў звыш 400 твораў на беларускую мову — з балгарскай, славенскай, сербахарвацкай, лужыцкай, украінскай, рускай.
У савецкія часы ў БССР пашыралася ананімная паэма "Сказ пра Лысую гару". Толькі ў пачатку 2000-х Гілевіч заявіў пра сваё аўтарства (на яго ж прэтэндаваў паэт Мікола Аўрамчык, які падказваў сюжэты паэмы).
А яшчэ ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, грамадскім дзеячом, яшчэ ў 1989-м заснаваў Таварыства беларускай мовы і доўгі час яго ачольваў. Пры ўдзеле Гілевіча быў прыняты "Закон аб мовах", які замацаваў за беларускай мовай статус дзяржаўнай.
Маючы ганаровае званне Народнага паэта, у 2006 годзе Ніл Гілевіч атрымаў ад дзяржаўнага выдавецтва "Мастацкая літаратура" адмову ў выданні кнігі "Выбранае". Як піша budzma.by, гэта было звязана з тым, што падчас перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў 2006-м ён уваходзіў у выбарчы штаб кандыдата-апазіцыянера Аляксандра Казуліна.
У апошнія гады жыцця паэт на свае грошы і грошы сяброў выдаў уласны збор твораў — 23 тамы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.