Абавязковую школьную форму ў Беларусі ўводзяць з ініцыятывы Генпракуратуры
Ініцыятыва ўвесці абавязковую школьную форму належыць Генпракуратуры Беларусі. Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед.
"Літаральна ўчора міністр адукацыі казаў пра тое, што ў школах будзе ўводзіцца форма. Нарэшце ў школах дзеці будуць слухаць і спяваць наш гімн. Будуць знаёміцца, што такое сцяг, гімн, што такое краіна і чаму яе трэба любіць. І я вам хачу сказаць, што гэта ўсё дзякуючы Генпракуратуры", — перадае Sputnik ягоныя словы.
Як распавядала Еўрарадыё, абавязковая школьная форма ў Беларусі плануецца з 2023 года. Таксама ў школах і нават дзіцячых садках будуць праводзіцца ўрачыстыя "лінейкі" з абавязковым праслухоўваннем гімна, падняццем сцяга — у дні дзяржаўных святаў.
Выявілася, што Генпракуратура дасылала ў Мінадукацыі спецыяльны дакумент наконт ідэалагічнай работы.
Па словах Шведа, супрацоўнікі пракуратуры спецыяльна хадзілі ў дзіцячыя скдкі, каб правесці тлумачальную работу з бацькамі, якім новаўвядзенні не падабаліся. "А потым, калі паўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, падыходзілі і дзякавалі пракурорам. Людзі сказалі: нарэшце", — заявіў генпракурор.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.