Абмежаванні або забарона на наведванне лясоў усталяваныя ва ўсёй Беларусі
Наступствы ляснога пажару / mlh.by
Абмежаванні або забарона на наведванне лясоў усталяваныя ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэта відаць на карце, апублікаванай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. Зялёных зон, дзе наведванне лясоў дазволенае, не засталося.
У большасці выпадкаў гаворка ідзе менавіта пра забарону. Яна ўведзеная ў 90 раёнах — на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці і амаль ва ўсіх (за выключэннем Мядзельскага) раёнах Мінскай вобласці. У Віцебскай вобласці забаронена наведваць лясы ў 17 раёнах, у Магілёўскай — у 19, Брэсцкай — у 10 і Гродзенскай — у 2.
У астатніх 28 раёнах краіны дзейнічаюць абмежаванні на наведванне лясоў. Такія захады робяцца ў сувязі з сухім надвор'ем. З пачатку пажаранебяспечнага сезона ў беларускіх лясах адбылося ўжо больш за 170 лясных пажараў. Агульная плошча ўзгаранняў перавысіла 137 га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.