АБСЕ абнародавала пратакол перамоваў у Мінску (дакумент)
Пратакол па выніках перамоваў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне падпісалі 5 верасня.
Трохбаковая кантактная група ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расіі і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе дасягнула шэрагу дамоўленасцяў. У першую чаргу, гэта неадкладнае двухбаковае спыненне ўжывання зброі і маніторынг рэжыму перамір’я з боку АБСЕ.
Далей у пратаколе прапісанае ажыццяўленне дэцэнтралізацыі ўлады ва Украіне праз прыняцце закону аб асаблівым статусе пэўных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. Пасля прыняцця гэтага закону ў асобных раёнах гэтых абласцей павінны прайсці пазачарговыя мясцовыя выбары. Асобнымі пунктамі пазначаныя пастаянны маніторынг на расійска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы і верыфікацыю з боку АБСЕ, а таксама вызваленне ўсіх закладнікаў і незаконна ўтрыманых асобаў.
Згодна з пратаколам перамоваў, удзельнікі падзеяў на Данеччыне і Луганшчыне падлягаюць амністыі. Украінскім уладам належыць працягнуць інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог і зрабіць захады для паляпшэння гуманітарнай сітуацыі на Данбасе.
Усе незаконныя ўзброеныя фармаванні, ваенная тэхніка, а таксама баевікі і найміты павінны пакінуць тэрыторыю Украіны. Павінна быць прынятая праграма эканамічнага адраджэння Данбасу і аднаўлення жыццядзейнасці рэгіёну. Удзельнікам кансультацыяў даюць гарантыі асабістай бяспекі.