Абяцалі $700, перавялі $80: беларусаў вярбуюць збіраць камяні з расійскіх палёў

Абяцалі $700, перавялі $80: беларусаў вярбуюць збіраць камяні з расійскіх палёў

У Полацку і Наваполацку беларусаў запрашаюць на працу ў Расію. Аб’явы з вакансіямі вісяць на прыпынках і на слупах, а таксама распаўсюджваюцца праз сацсеткі. Людзям прапаноўваюць збіраць камяні на палях у Ленінградскай вобласці. Тым, хто пагодзіцца, абяцаюць аванс, спецвопратку і харчаванне.

Тэлефануем па нумары на аб’яве.

“Колькі гадоў, вы адзін? — цікавіцца суразмоўца. — Магу прапанаваць лепшы варыянт недалёка ад Цвяры. Там мясакамбінат, вытворчасць кілбасы. На палях 1000 рублёў [расійскіх. — Еўрарадыё] змена, а на камбінаце — 1200. У Цвяры ўмовы пражывання крыху лепшыя. Глядзіце самі, месцы пакуль і там, і там ёсць.

Праца з 8 раніцы да 20:00 з перапынкам на абед, 6 дзён за тыдзень. У нядзелю можаце таксама выходзіць, па жаданні. Калі вахту дапрацуеце, дык каля 38 тысяч можна зарабіць [каля $590. — Еўрарадыё]. Хто вахту адпрацоўвае добрасумленна, з тых грошы за дарогу не вылічваем”.

— А чаму можна не дапрацаваць?

— Не дапрацоўваюць, бо некаторыя пачынаюць піць. Праз алкаголь не выходзяць на працу.   

У размове высвятляем, што на працу ў Расію ўладкоўвае кадравае агенцтва. Паслуга каштуе “рэкруту” 30 рублёў, а фірма мае ліцэнзію, запэўнівае суразмоўца.

“Засялілі ў інтэрнат. Гэта быў жах!”

На першы погляд, умовы не самыя горшыя. Зарабіць такія ж грошы, застаўшыся ў Полацку, няпроста. Але ці ўсё, што абяцае расійскі працадаўца, праўда?

Еўрарадыё знайшло жыхара Віцебскай вобласці Аляксандра, які спакусіўся на працу ў Расіі па падобнай абвестцы. Хлопец вытрымаў у Падмаскоўі 45 дзён.

“У Падмаскоўі жылі і працавалі, — распавядае Еўрарадыё Аляксандр. — Заробак абяцалі 45 тысяч расійскіх [амаль $700. — Еўрарадыё] за вахту. Пасля прыезду нас засялілі ў інтэрнат. Гэта быў жах! Вакол цвіль, шчыліны і гэтак далей. На ўнітазы нават немагчыма прысесці, яны разламаныя і ўсё чорныя. Кухня пастаянна цякла.

Некалькі спроб было выйсці на працу, але ўсё няўдала, бо мяне адпраўлялі назад у інтэрнат на падставе таго, што і так шмат рабочых. Гэта працягвалася два тыдні.

Нарэшце мы выйшлі на працу. Прайшла вахта, нам скінулі на карткі па 5 тысяч расійскіх [амаль $80. — Еўрарадыё] і сказалі, што астатняе аддадуць па прыездзе на іншую вахту. Павінны былі 15 тысяч даслаць праз тыдзень пасля ад'езду, але я іх так і не дачакаўся”.

Аляксандр дадае, што ні ён, ні яго знаёмыя другі раз працаваць не паехалі. Надзеі атрымаць заробленыя грошы ў хлопца няма. А пра ўмовы працы ён распавядае так:

“З работнiкамi добра ўсё было, а вось прарабы пастаянна шукалі, за што б накласці штраф. Напрыклад, не надзеў пальчаткі ці камізэльку — дык штраф 500 расійскіх [амаль $8. — Еўрарадыё]”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі