Смаргонца, які паўмесяца таму знік у Маскве, знайшлі ў Арлоўскай вобласці РФ

Абвестка пра пошук Аляксандра Новака

Абвестка пра пошук Аляксандра Новака / атрад "Анёл"

У горадзе Мцэнску Арлоўскай вобласці Расіі знайшоўся 35-гадовы жыхар Смаргоні Аляксандр Новак, які знік 12 жніўня ў Маскве на Беларускім вакзале, піша kraj.by.

Мужчыну знайшлі за 310 кіламетраў на поўдзень ад Масквы. Яго вяртаннем дадому займаюцца расійскія валанцёры.

У пошукава-выратавальным атрадзе "Анёл" кажуць, што ў Аляксандра Новака ў Смаргоні жыве мама, а ў Латвіі — сястра. "У нядзелю, 25 жніўня, сястра Новака звязалася з намі і паведаміла, што яе брат знойдзены ў расійскім горадзе Мцэнску", — кажа прэс-сакратарка "Анёла" Юлія Коўган.

Паводле яе, у "Анёле" не ведаюць, як мужчына апынуўся ў Мцэнску і ці звязаная гісторыя яго знікнення з працоўным рабствам. Але вядома, што вяртаннем Новака ў Беларусь займаюцца валанцёры расійскай арганізацыі "Альтэрнатыва" — яна акурат змагаецца з усімі формамі сучаснага рабствам, у тым ліку з працоўным рабствам.

"Сястра Аляксандра Новака паведаміла: валанцёры "Альтэрнатывы" сказалі, што пасадзяць яе брата ў цягнік да Мінска на тым жа Беларускім вакзале, на якім ён знік 12 жніўня. Мы прапанавалі сястры сустрэць Аляксандра ў Мінску і суправадзіць да Смаргоні. Яна пакуль адказала: "Я не ведаю", — расказвае Юлія Коўган.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі