Абяцанага тры гады чакаюць: як у Беларусі Канстытуцыю (не) мянялі

У рабоце / "Пул первого"
У рабоце / "Пул первого"

У Беларусі актывізаваліся размовы пра прыняцце новай Канстытуцыі. 15 ліпеня адбылося пасяджэнне савета старэйшын пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу з удзелам старшыні верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай, на якім якраз абмяркоўвалася ўнясенне змен у Асноўны закон.

А ўжо сёння, 16 ліпеня, Юрый Васкрасенскі апублікаваў праект абноўленай Канстытуцыі ад Канстытуцыйнай камісіі: прэзідэнт не можа займаць тэрмін больш за 2 разы, удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах можна не з 35, а з 40 гадоў і шмат чаго яшчэ.

Магчымыя змены ў Канстытуцыі стануць ужо чацвёртымі: Асноўны закон не карэктавалі ўжо больш за 17 гадоў — з 2004-га. Менавіта тады вынікі рэферэндуму падарылі Лукашэнку права абірацца неабмежаваную колькасць разоў.

Размовы пра чарговыя змены Канстытуцыі не новыя і з рознай перыядычнасцю ўкідваюцца ў грамадства на працягу апошніх гадоў. Еўрарадыё вырашыла ўспомніць іх храналогію.

Канстытуцыя 4.0 

Пік чутак, што Канстытуцыю вось-вось зменяць, прыпадае на вясну 2018 года. Як часта бывае, глебу для іх стварыў сам Лукашэнка. 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, ён заявіў наступнае:

"Жыццё не стаіць на месцы, яно вельмі бурна развіваецца, і, натуральна, мы павінны паспяваць змяняцца самі, падладжвацца пад гэта жыццё. Усё гэта трэба рабіць на законным узроўні, зыходзячы з патрабаванняў нашага жыцця. Таму што і грамадства змяняецца, і мы з вамі змяняемся. Натуральна, Канстытуцыя павінна быць на крок-два наперадзе зменаў нашага грамадства. Адсюль і праблема, якая перад намі, як я ўжо сказаў, калі не паўстала, то паўстане, пра карэктаванне, змену нормаў Канстытуцыі".

І панеслася: "праекты", здавалася, загучалі з усіх кутоў экспертнай супольнасці. Казалі, што Беларусь зноў стане парламенцкай рэспублікай — маўляў, Лукашэнка хоча пайсці на спачынак так і застаўшыся першым і адзіным прэзідэнтам Беларусі.

Ніякага рэферэндуму, таму што "будзе як у Арменіі"

Аднак усе гэтыя здагадкі разбіліся ўжо ў траўні 2018 года: у час паслання народу і Нацсходу Лукашэнка заявіў, што асабіста "ні пра які рэферэндум нават не думаў" — "бо будзе як у Арменіі". Нагадаем, што менавіта тады да ўлады прыйшоў апазіцыйны палітык Нікол Пашынян.

Обещанного три года ждут: как в Беларуси Конституцию (не) меняли
Як у Арменіі / Reuters

Заява прагучала дзіўна. Бо менавіта Лукашэнка 15 сакавіка даваў даручэнне Канстытуцыйнаму суду распрацаваць праекты змен у Канстытуцыю. Ну ды няхай.

"Гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час"

Тэма "канстытуцыйнай рэформы" заглухла на год, пакуль у траўні 2019 года Лукашэнка не сказаў, што не выключае, што ў Беларусі будзе новая Канстытуцыя альбо праўкі будуць унесеныя ў дзейны Асноўны закон... і адбудзецца гэта ў найбліжэйшы час. Пра гэта ён заявіў у час сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў шэрагу замежных краін.

Лукашэнка зноў звярнуўся да Канстытуцыйнага суда, таму што падкрэсліў, што "наша Канстытуцыя пачынае крышачку адставаць".

"Я папрасіў менавіта спецыялістаў Канстытуцыйнага суда, каб яны ўнеслі свае прапановы па магчымым удасканаленні нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем", — заявіў ён.

Чарнавы варыянт гатовы, але вам не пакажам

"У найбліжэйшы час" не атрымалася. Пра змены ў Канстытуцыю Лукашэнка ўспомніў 17 лістапада 2019 года, калі датэрмінова галасаваў на парламенцкіх выбарах.

"Элементы новай Канстытуцыі мне прадстаўлены. Цяпер пераходзім да другога этапу. Іншая, больш шырокая група спецыялістаў паспрабуе напісаць чарнавы варыянт новай Канстытуцыі. А потым будзе трэці этап: мы прадставім гэты варыянт Канстытуцыі на абмеркаванне грамадству", — расказаў Лукашэнка.

Падрабязнасці чарнавога варыянта мы не даведаліся, дый на абмеркаванне грамадству нічога ў выніку не прадставілі.

Канстытуцыя 1994 года — гэта не тое

Якой Канстытуцыю Лукашэнка дакладна не хоча бачыць, дык гэта ўзору 1994 года. Перад выбарамі ў сваім пасланні народу і парламенту ён раскрытыкаваў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, а менавіта іх прапанову вярнуцца да старога Асноўнага закона.

"Заклік вярнуць Канстытуцыю 94 года — гэта падарунак крыміналу. Ніякага вяртання ў "ліхія 90-е" быць не можа. Вярнуўшы Канстытуцыю 1994 года, мы вернем безуладдзе", — дадаў ён. Варта нагадаць, што менавіта Канстытуцыя 1994 года дала магчымасць Лукашэнку стаць кіраўніком дзяржавы.

"Канстытуцыю на вуліцы не напішаш"

Обещанного три года ждут: как в Беларуси Конституцию (не) меняли
Амаль круглы стол Юрыя Васкрасенскага

У пачатку кастрычніка 2020 года ў час акцый пратэсту ва ўсёй краіне Лукашэнка наведвае ў СІЗА палітвязняў. "Канстытуцыю на вуліцы не напішаш", — цытуе яго словы тг-канал "Пул первого", як бы намякаючы на адну з тэм размовы з апанентамі. Што характэрна, адзін з прысутных не па сваёй волі на сустрэчы Юрый Васкрасенскі неўзабаве будзе вызвалены і стане сябрам той самай Канстытуцыйнай камісіі.

Пуцін у справе

Да працэсу абмеркаванняў у тым самым месяцы нечакана падключыўся Уладзімір Пуцін. Ён заявіў, што ўсім палітычным сілам Беларусі варта ўключыцца ў працэс абмеркавання змен Канстытуцыі краіны. Паводле яго слоў, прапанаваўшы рэформу, беларускі лідар зробіць крок насустрач апазіцыі

"Я думаю, што гэта, зыходзячы з рэалій сённяшняга дня, з ацэнкі палітычнай сітуацыі, гэта ў значнай меры крок насустрач апанентам", — сказаў Пуцін.

Кроку насустрач не было. Зачысціць вулічны пратэст сілавым метадам аказалася прасцей.

"Канстытуцыю ламаць не трэба"

16 лістапада 2020 года на нарадзе аб дарожным зборы Аляксандр Лукашэнка нечакана пачаў абмяркоўваць змены ў грамадстве. "Для таго каб адсоткаў, напэўна, на 70-80 перадаць паўнамоцтвы прэзідэнта парламенту, ураду, іншым структурам, Канстытуцыю ламаць не трэба", — сказаў ён.

Дык што, прапановы па зменах у Канстытуцыю больш збіраць не трэба? Канстытуцыйная рэформа адмяняецца і прэзідэнцкая ўлада будзе аслаблена ў Беларусі без рэферэндуму? Многія зразумелі словы Лукашэнкі менавіта так.

Аднак дэпутат Алег Гайдукевіч у каментары Еўрарадыё расказаў, што, паводле яго інфармацыі, у Адміністрацыі прэзідэнта не адмаўляюцца ад канстытуцыйнай рэформы. "У мяне інсайд такі, што будуць змены ў Канстытуцыю, — запэўнівае ён. — Гэтая праца не спынілася і не спыніцца".

 

Новая Канстытуцыя без Лукашэнкі

27 лістапада мінулага года Лукашэнка заявіў, што новая Канстытуцыя будзе рабіцца не пад яго.

"Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзідэнтам працаваць не буду. Таму супакойцеся, спакойна гэта пераносьце. І я ніколі не дапушчу таго, каб, прымаючы новую Канстытуцыю, хтосьці сфальшывіў ці потым выбары па новай Канстытуцыі хтосьці сфабрыкаваў. Нават калі буду ведаць, што гэта будзе не тое, што я хачу", — заявіў ён.

Лукашэнка таксама паведаміў, быццам яму прыносілі тры варыянты новай Канстытуцыі, але ён усе іх адхіліў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі