Два тэрміны, амбудсмен і УНС: што ўлады хочуць змяніць у Канстытуцыі

Мужчына трымае Канстытуцыю ў час акцыі пратэсту / Reuters
Мужчына трымае Канстытуцыю ў час акцыі пратэсту / Reuters

Спецыяльная камісія, створаная ў Беларусі для падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю, справілася са сваёй задачай усяго за чатыры месяцы. З сакавіка яны паспелі дасканала вывучыць дзейную рэдакцыю, сабраць прапановы, абмеркаваць — і аформіць у выглядзе канкрэтных паправак. Вынікі гэтай надзіва плённай працы апублікаваў адзін з сябраў камісіі Юрый Васкрасенскі.

Еўрарадыё расказвае пра тое, якія асноўныя (ня)змены прапаноўваюць унесці ў Канстытуцыю.

 

Паўнамоцтваў прэзідэнту менш, але не зусім

Аляксандр Лукашэнка, прасоўваючы ідэю канстытуцыйнай рэформы, часта казаў, маўляў, так ужо і быць, паўнамоцтвы прэзідэнта трэба скарачаць, з такім грузам адказнасці пераемнікі не справяцца. Што мы бачым у абноўленай версіі Канстытуцыі?

Сябраў урада па-ранейшаму прызначае кіраўнік дзяржавы. Нюанс у тым, што прэм'ер-міністра можна будзе ставіць на пасаду толькі пасля папярэдняй згоды парламента — цяпер дэпутаты постфактум ухваляюць рашэнне прэзідэнта. Міністраў прапануюць прызначаць па прадстаўленні прэм'ер-міністра, але фактычна канчатковае рашэнне ўсё роўна за кіраўніком дзяржавы.

Забраць у прэзідэнта могуць дзве "плюшкі": магчымасць выдаваць дэкрэты, роўныя закону, і адмяняць акты ўрада. Але па факце кіраўніку дзяржавы пакінуць магчымасць выдаваць указы, якія ад дэкрэтаў фактычна адрозніваюцца толькі назвай, а акты ўрада і цяпер ніхто не адмяняе, акрамя самога ўрада.

Яшчэ адзін нюанс, якога не было раней, — гарантыя абароны і недатыкальнасці для былых прэзідэнтаў.

 

Новыя цэнтры сілы: УНС і Савет Рэспублікі

Канстытуцыйным статусам прапануецца надзяліць Усебеларускі народны сход. Праўда, у прапанаванай рэдакцыі УНС не выглядае як "палітбюро", пра што нярэдка гаварылі аналітыкі.

Узрост, з якога можна балатавацца ў прэзідэнты, плануюць падняць з 35 да 40 гадоў. Акрамя таго, уводзяцца новыя патрабаванні: кандыдат павінен быць не проста беларусам па нараджэнні і пражыць у краіне як мінімум 20 гадоў, але і ніколі ў жыцці не мець ні замежнага грамадзянства, ні нават віду на жыхарства.

З'яўляецца магчымасць уводзіць не толькі ўзроставыя, але "і іншыя" цэнзы для тых, хто ідзе на выбарныя пасады, — гэта будзе нармавацца законамі. Гэтаксама з'яўляецца опцыя праводзіць не прамыя, а ўскосныя выбары — калі такое замацаваць у законе.

Замацоўваецца адзіны дзень галасавання (фактычна парламент яго ўжо зацвердзіў): дэпутаты парламента і мясцовых Саветаў будуць выбірацца ў адзін дзень. Тэрмін паўнамоцтваў для дэпутатаў — пяць гадоў. Яшчэ адно новаўвядзенне: знікае магчымасць адклікання дэпутата ці сенатара. Праўда, у Беларусі гэтага і так не адбывалася.

 

Патрыятызм, вайна, самабытнасць

Некаторыя папраўкі не проста касметычныя, але і цалкам сабе з актуальным для ўладаў парадкам дня. Некалькі разоў у абноўленай Канстытуцыі згадваюцца тэзісы, якія быццам прыйшлі з тэкстаў сюжэтаў БТ.

Так, у прэамбуле дадаюць пра "захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту", "культурныя і духоўныя традыцыі" і "незалежнасць і росквіт".

Далей, у артыкул 15-ы, камісія прапануе дадаць вось што:

"Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа пры абароне Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны".

Абавязваць абноўлены тэкст Канстытуцыі будзе і "праяўляць сацыяльную адказнасць". У ліку "ідэалагічна правільных" — і ўдакладненне таго, што шлюб гэта саюз мужчыны і жанчыны.

"Рэверансам" убок можна назваць і ўвядзенне пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека. Праўда, прызначаць яго будзе прэзідэнт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі