Арцём Шрайбман: "Санкцыі і канстытуцыйная рэформа могуць пайсці не па плане"

Ці мог Мінск пазбегнуць санкцый? Да чаго яны могуць прывесці? Што пацягне за сабой канстытуцыйная рэформа?
Ці мог Мінск пазбегнуць санкцый? Да чаго яны могуць прывесці? Што пацягне за сабой канстытуцыйная рэформа?

Адказам Мінска на чарговы пакет еўрапейскіх санкцый сталі прыпыненне сяброўства нашай краіны ў праграме "Усходняе партнёрства", заява пра скасаванне дамовы аб рэадмісіі і рэкамендацыя кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі "выехаць у Брусель на кансультацыі". Адначасова ў Мінску чарговы раз сустракаюць кіраўніка Савета бяспекі Расіі Мікалая Патрушава.

Ці ёсць выхад з "Усходняга партнёрства" раўназначным адказам беларускага рэжыму на заходнія санкцыі? Ці гатовы Мінск здаць суверэнітэт Беларусі Маскве і што стаіць за частымі візітамі кіраўніка Савета бяспекі Расіі Патрушава? Ці зможа Мінск працягваць граміць грамадзянскую супольнасць і весці перамовы з Захадам? На гэтыя і іншыя пытанні ў стрыме Еўрарадыё адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Якія наступствы для Беларусі пацягне адмова ад пагаднення па рэадмісіі з ЕС?

— Афіцыйны Мінск заявіў пра скасаванне дамовы аб рэадмісіі. Фармальна гэта павінна азначаць, што ЕС павінен люстэркава спыніць або прыпыніць дзеянне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Гэта значыць, кошт віз вернецца з 35 да 80 еўра.

Але аналізуючы сітуацыю, я думаю, што ЕС зробіць усё, што можа, каб на перыяд дзеяння пандэмічных абмежаванняў пакінуць для Беларусі ранейшы кошт віз, каб два гэтыя пагадненні не былі звязаныя паміж сабой. Не караць беларускае грамадства па віне беларускай улады.

Цяпер усё роўна атрымаць новую еўрапейскую візу для беларусаў практычна немагчыма. ЕС будзе шукаць шляхі не ствараць для беларусаў гуманітарных праблем. Брусель ужо заявіў: мы разглядаем беларускі народ і беларускі рэжым як дзве асобныя існасці і не ўсе дзеянні ўлады павінны мець наступствы для народа.

Але цяпер Беларусь будзе лічыць сябе яшчэ менш абавязанай фільтраваць мігрантаў на мяжы. Могуць прыпыніць яшчэ і партнёрства па мабільнасці — гэта яшчэ адно пагадненне акрамя аб рэадмісіі. Гэта падстава яшчэ мацней аслабіць кантроль на мяжы і закідваць мігрантаў у ЕС.

У чым непрадказальнасць санкцый? Ці мог Мінск пазбегнуць іх?

— У гэтай сітуацыі ў Захаду не было іншых метадаў: альбо рабіць гэта, альбо не рабіць нічога. Складана не рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Санкцыі — адзіны інструмент непасрэднага ўздзеяння, ён быў непазбежны. Але гэта рызыкоўны інструмент, які не дае гарантаванага выніку. Санкцыі могуць прывесці да наступстваў нашмат больш сур'ёзных, чым тая шкода, якую санкцыі спрабуюць прадухіліць.

У некаторых галінах санкцыі сапраўды выштурхваюць Беларусь у абдымкі Расіі. Можа здарыцца перавод лагістыкі ў расійскія парты, і гэта надоўга. Але ў ЕС спадзяюцца, што санкцыі зробяць беларускі рэжым настолькі таксічным і дарагім для Масквы, што гэта дэстабілізуе стасункі Лукашэнкі і Пуціна.

Акрамя таго, санкцыі могуць дэстабілізаваць самога Лукашэнку. Санкцыі правакуюць Мінск на рэзкія, эмацыйныя, самаразбуральныя крокі. Санкцыі правакуюць Лукашэнку на атветкі, якія прыводзяць да новых санкцый, пагаршаюць становішча беларускай эканомікі і дзяржавы.

Усе гэтыя шляхі не вядуць да адназначных, пралічваных, паспяховых вынікаў. Але санкцыі ў гістарычнай перспектыве могуць стаць часткай вырашэння крызісу, хай нават балючага.

Чаго чакаць ад канстытуцыйнай рэформы? Ці можа яна пайсці не па плане?

— Канстытуцыйная рэформа можа стаць выйсцем. Відавочна, там будзе мала рэальных змен і дастаткова спроб стрымаць пераемніка і забяспечыць Лукашэнку гарантыі і ўладу пасля фармальнага адыходу з пасады. Але не ўсё ідзе па плане аўтакратаў. Канстытуцыйная рэформа можа выйсці з-пад кантролю ўлады. Пераемніка, як у Казахстане, трэба выбраць. А на выбарах можа паўтарыцца сцэнар 2020 года.

Але нават калі на выбарах удалося правесці кантраляванага пераемніка, трэба мець уводныя Казахстана: стабільную эканоміку, адносную легітымнасць першага прэзідэнта, адсутнасць міжнароднай ізаляцыі. У Беларусі ўсё наадварот: спробы двоеўладдзя надоўга не спрацуюць. Другі прэзідэнт будзе мець занадта шмат стымулаў выйсці з-пад кантролю і пакінуць Лукашэнку ў гісторыі.

Пра што гавораць частыя візіты дырэктара ФСБ Расіі Мікалая Патрушава?

— Думаю, сілавікі Беларусі і Расіі актыўна наладжваюць супрацоўніцтва, у іх падобныя каштоўнасці. Магчымыя сумесныя аперацыі: затрыманне Фядуты ў Маскве, магчымы ўдзел расійскіх спецслужбаў у сачэнні за Пратасевічам у Грэцыі. Думаю, Лукашэнку ў Расіі камфортней размаўляць з сілавікамі. І цяпер важна даць сігнал расійскім "ястрабам", чаму трэба трымацца за Лукашэнку.

Наўрад ці там ідуць лёсавызначальныя перамовы пра здачу суверэнітэту. Падпісаць дарожныя мапы могуць нават сёлета, але падпісаць — не значыць выканаць. Па сутнасці, мапы — эканамічная частка саюзнай дамовы 1999 года. Лукашэнку трэба паказаць Расіі новыя саступкі. Таму ў ход можа пайсці і прызнанне Крыма. Падпісанне мапаў стане толькі пачаткам гандлю за фактычнае выкананне гэтых мапаў.

Поўны запіс эфіру з Арцёмам Шрайбманам глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі