Юрысты, дактары, камуністы: хто будзе пісаць новую Канстытуцыю

Юрый Васкрасенскі, Наталля Качанава, Аляксандр Шпакоўскі / калаж Еўрарадыё​
Юрый Васкрасенскі, Наталля Качанава, Аляксандр Шпакоўскі / калаж Еўрарадыё​

Канстытуцыйная камісія ўпершыню сабралася ў Мінску 15 сакавіка на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ на мінулым тыдні кіраўнік Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч казаў, што камісіі пакуль няма. Мяркуючы па ўсім, за некалькі дзён сітуацыя памянялася.

Хто будзе распрацоўваць праект новай Канстытуцыі (прынамсі, афіцыйна) і якія ў гэтых людзей кваліфікацыі — у аглядзе Еўрарадыё.

 

Добрая навіна: юрысты ёсць. А яшчэ гісторыкі і дактары

На нарадзе бліжэй за ўсіх да Лукашэнкі сядзяць даўно знаёмыя твары — прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка (па адукацыі — дыпламат) і кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава (па адукацыі інжынер).

Недалёка ад першай асобы таксама размясціліся кіраўнік Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч (тут усё зразумела) і спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка (па першым дыпломе ён аграном).

Нарэшце, у трэцім шэрагу — віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч (юрыст) і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка (гісторык).

 

Дэпутаты і "сенатары"

Увайшла ў склад камісіі "сенатар" Таццяна Рунец — эканамістка па адукацыі, раней яна працавала ў выканкамах і Мінфіне. Насупраць яе дэпутатка Святлана Любецкая, раней яна была суддзёй Вярхоўнага суда.

Яшчэ шэраг: "сенатар" Сяргей Сівец — таксама прафесійны юрыст. Насупраць — гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк. Той самы, які плакаў на словах Лукашэнкі пра суверэнітэт у 2019-м. У склад камісіі ўвайшоў таксама кіраўнік Мінгарсавета Андрэй Бугроў (юрыст і эканаміст) і дэпутат Валянцін Семяняка (фізік).

Юристы, врачи, коммунисты: кто будет писать новую Конституцию
Ігар Марзалюк расчулены словамі Лукашэнкі пра незалежнасць

Над новай рэдакцыяй Канстытуцыі будзе працаваць старшыня Наваполацкага гарсавета Алег Буевіч. Чаму прыцягнулі кіраўніка гарсавета менавіта з гэтага горада? Першае, што прыходзіць у галаву, — гэта малая радзіма Наталлі Качанавай.

Яшчэ ў камісію трапіў Віктар Замосцік — кіраўнік Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў. Уся яго кар'ера — у мясцовай уладзе, і на гэтым вядомая частка яго біяграфіі канчаецца. Побач сядзіць Мікалай Кудравец — кіраўнік Пружанскага райсавета, які раней працаваў у выканкаме, а па сумяшчальніцтве ўзначальваў мясцовае аддзяленне "Беларускага фонду міру".

Але ў найбліжэйшым да Лукашэнкі шэрагу (пасля дзяржслужбоўцаў, якія прысутнічаюць на нарадах амаль заўсёды) — прафесар-трансплантолаг Алег Румо і намесніца кіраўніка Канстытуцыйнага суда Наталля Карповіч. Абгрунтаваць гэта можна: Румо аўтарытэтны і адначасова "сенатар". Ну а Карповіч тут, відавочна, "па пасадзе".

 

Ад камуніста да былога спартсмена

З тых, чыё яшчэ з'яўленне ў спісе аўтараў будучай Канстытуцыі лёгка растлумачыць, — былы кіраўнік Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч. Ну а далей пачынаецца цікавае.

У камісію ўвайшоў кіраўнік камітэта Дзелавога савета ЕАЭС Уладзімір Басько (па адукацыі — матэматык). Праз стол ад Кудраўца сядзіць старшыня БСБ-Банка Сяргей Дубкоў. У свой час ён працаваў у Нацбанку і тады лічыўся адным з самых прафесійных сябраў праўлення. Недалёка ад яго Наталля Якубіцкая — эканамістка па адукацыі, а цяпер "сенатар" і кіраўніца Мінаблсавета.

Гендырэктар МАЗа, які раней кіраваў "Амкадорам", Валерый Іванковіч таксама лічыцца ўладамі добрым аўтарам для новай Канстытуцыі.

Юристы, врачи, коммунисты: кто будет писать новую Конституцию
Алена Богдан на форуме ў падтрымку Лукашэнкі

Намесніца міністра аховы здароўя і кіраўніца Саюза жанчын Алена Богдан, якая актыўна ўдзельнічала ў форумах "за стабільнасць", таксама ўвайшла ў склад камісіі. Недалёка размясціўся ўладальнік фірмы "Марка" Мікалай Мартынаў — па адукацыі ён, дарэчы, палітолаг.

Юрый Васкрасенскі, якога дзяржпрапаганда малюе ледзь не асноўным актывістам штаба Віктара Бабарыкі (гэта далёка не так), таксама ўвайшоў у склад камісіі. Побач з ім — аграрый па адукацыі "сенатар" Мікалай Радаман.

Самы малады сябра камісіі — кіраўнік "Моладзевага парламента" Ягор Макарэвіч. Яму 24 гады, два гады таму ён скончыў Акадэмію кіравання.

Бліжэй да канца стала ў кабінеце Лукашэнкі размясцілася юрыстка і выкладчыца Таццяна Маслоўская. Недалёка — кіраўнік беларускіх камуністаў Аляксей Сокал, адзіны прадстаўнік партый у камісіі. Тамсама — Алена Сямашка, намесніца кіраўніка Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Палітолаг Аляксандр Шпакоўскі таксама ўвайшоў у камісію. Калісьці ён удзельнічаў у русафільскім праекце "Цытадэль", а цяпер стаў заўзятым абаронцам беларускай незалежнасці. У Шпакоўскага гістарычная і юрыдычная адукацыі.

У камісію ўвайшла і рэктар Акадэміі музыкі Алена Дулава, якая таксама актыўна выступала за дзейную ўладу.

Юристы, врачи, коммунисты: кто будет писать новую Конституцию
Аляксей Талай не хавае сваіх сімпатый да Лукашэнкі

Нарэшце, далей за ўсё ад Лукашэнкі размясціўся спартсмен-параалімпіец Аляксей Талай. Праз стол ад яго — акцёр і рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.
 

Каго не стае ў камісіі?

У вочы адразу кідаецца адсутнасць у складзе камісіі кіраўніцтва "Белай Русі", якая плануе ў хуткім часе ператварацца ў "партыю ўлады".

Няма там і Алега Гайдукевіча — які прадстаўляў на дэбатах Аляксандра Лукашэнку і фармальна кіруе найбуйнейшай партыяй краіны.

Няма ў камісіі і кіраўніка Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы.

Ад той жа Адміністрацыі прэзідэнта ў склад магла ўвайсці і прафесар Вольга Чупрыс (яна намесніца Сергеенкі), а ад урада — кіраўнік Мінюста Алег Сліжэўскі.
 

Дык а хто будзе пісаць Канстытуцыю?

Не факт, што сябры камісіі. Палажэнні будучай Канстытуцыі цалкам могуць распрацоўвацца ў Адміністрацыі прэзідэнта з прыцягненнем Саўміна, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і іншых профільных структур.

Асноўная ж задача навастворанай структуры (якая пакуль не мае ніякай юрыдычнай формы) — абмеркаваць і ўхваліць праект, які пазней абяцаюць вынесці на рэферэндум. Лукашэнка абяцаў правесці плебісцыт ужо ў пачатку 2022-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі