Адкуль ў Віцебску кітайскія падпольшчыкі, пра якіх распавялі старшыні КНР?
У музеі Вялікай Айчыннай вайны ёсць экспазіцыя, прысвечаная кітайскім падпольшчыкам у Беларусі.
Старшыні КНР Сі Цзіньпіну ў музеі Вялікай Айчыннай вайны распавялі пра кітайскае падполле, якое дзейнічала ў 1942 годзе ў Віцебску. Адкуль узяліся кітайцы ў беларускім падполлі?
Як даведалася Еўрарадыё, у Віцебску сапраўды была падпольная група, якая называлася кітайскай. Акрамя кітайцаў там былі і беларусы.
Паводле некаторых звестак, кітайцы прыехалі ў Віцебск яшчэ з Першай сусветнай вайны. Некаторыя потым выехалі, а некаторыя засталіся.
Кітайцы працавалі разам з Верай Харужай
На скрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай у Віцебску цяпер знаходзіцца крама кулінарыі, а ў 1942 годзе там была пральня. У пральні працавалі мясцовыя кітайцы. Сярод іх былі старыя камуністы, удзельнікі грамадзянскай вайны Андрэй Ліп-ці і Сяргей Сю-да-боль. Кіраваў пральняй Васіль Чу Ча-лін.
Яны падтрымлівалі сувязь з выведкай і партызанамі праз сувязных Клаўдзію Балдачову, Ірыну Жан Ван-фу (Кітаечка) і яе малодшую сястру Кіру Жан Ван-фу.
З вясны 1942 года яны перадавалі звесткі аб колькасці і дыслакацыі нямецкіх войскаў. Справа ў тым, што пральня абслугоўвала нямецкія войскі. Па колькасці і маркіроўцы бялізны, якая праходзіла пральню, можна было прыкладна вызначыць колькасць войскаў. А сама пральня была добрым месцам для сустрэч падпольшчыкаў. Кітайцы не выклікалі падазрэння ў немцаў і нават мелі доступ да паліва і зброі, якую перадавалі партызанам.
Калі Вера Харужая трапіла ў палон гестапа, рэзідэнт армейскай выведкі ў Віцебску Вольга Пінчук праз Жан Ван-фу і Соф’ю Піскунову змагла перадаць адзін з лістоў Харужай. Піскунову немцы схапілі 7 лістапада 1942 года, але яна паспела папярэдзіць кітаянак Ірыну і Кіру Жан Ван-фу, і тыя пазбеглі затрымання.
Гестапа раскрыла кітайскае падполле ў верасні 1943 года. Многія падпольшчыкі, у тым ліку Андрэй Ліп-ці і Васіль Чу Ча-лін, былі расстраляныя. Сяргей Сю-да-боль трапіў у канцлагер, адкуль у выніку збег.
Па інфармацыі музея ВАВ, кнігі "Памяць" і сайта "Перамога Віцебск"