Адмін тг-канала чыгуначнікаў сказаў, чаму не ідзе на здзелку з КДБ

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі / t.me/belzhd_live
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі / t.me/belzhd_live

Адміністратар тэлеграм-канала "Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" Сяргей Вайцяховіч адмаўляецца ісці на здзелку КДБ і выдаляць канал. І гэта нягледзячы на тое, што ягонага 15-гадовага брата адправілі ў СІЗА па крымінальнай справе, каб націснуць на адміна.

"Але ж ісці на здзелку з КДБ — такое сабе, былі б яшчэ патрабаванні з іх боку. Вядома, што пасля выдалення канала ціск не спыніўся б, былі б і іншыя ўмовы. У мяне ж ёсць не толькі публічная дзейнасць, і пра гэта ім добра вядома", — прызнаецца Вайцяховіч у гутарцы з "Нашай Нівай".

Вайцяховіч працаваў аглядчыкам-рамонтнікам вагонаў у Мінскім вагонным дэпо. У жніўні 2020-га ён стварыў пратэсны тэлеграм-канал чыгуначнікаў. Пра гэта ад пачатку ведала яго кіраўніцтва.

У красавіку 2021-га яго звольнілі па заканчэнні кантракту, а неўзабаве хлопец даведаўся, што ім цікавяцца супрацоўнікі КДБ. І ў траўні 2021-га ён праз Расію выехаў ва Украіну.

Пасля ад'езду Вайцяховіч стаў публікаваць у канале статыстычныя ды іншыя звесткі. Спачатку былі дарожныя мапы, графік воінскіх эшалонаў на вучэннях "Захад-2021". У лістападзе 2021-га на канале з’явіліся звесткі пра падрыхтоўку маштабнага перакідвання войскаў з Расіі ў Беларусь. У студзені 2022-га ён апублікаваў звесткі пра колькасць эшалонаў, якія планавалася перакінуць да лютага.

У сям'і Вайцяховіча адбыліся некалькі ператрусаў. У бацькоў, кажа Сяргей, сілавікі нічым не цікавіліся, толькі казалі, што іх сын тэрарыст, экстрэміст, здраднік дзяржавы і шпіён. "Узялі нейкія мае рэчы, нарматыўную дакументацыю з мінулай працы — не ведаю, навошта яна ім", — распавядае хлопец.

17 студзеня затрымалі 15-гадовага Арцёма — Сяргеевага брата. "Забралі проста са школы. Да гэтага яго выклікалі ў РАУС разам з бацькамі. Яны хадзілі з адвакатам — і па сутнасці справы гаворкі не ішло", — кажа Вайцяховіч. Нагодай быў канфлікт у школе, які развязалі бацькі — не дайшло нават да бойкі. А потым Арцёма абвінавацілі ў вымаганні (ч. 2 арт. 208 Крымінальнага кодэкса).

"Спачатку брата забралі ў Следчы камітэт, аформілі, а пасля змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна на 72 гадзіны. Пасля гэтага — назад у СК, узялі падпіску аб нявыездзе і адправілі ў Навінкі на нейкае абследаванне ў корпус, які належыць пракуратуры. Там яго пратрымалі да 9 лютага, пасля чаго павезлі ў пракуратуру Мінска, там затрымалі як падазраванага і пасадзілі ў СІЗА на Валадарскага. Там ужо выставілі абвінавачванне", — дзеліцца падрабязнасцямі Вайцяховіч.

За вымаганне хлопцу пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення.

Па словах Вайцяховіча, ён перапісваўся з КДБ, якое патрабавала выдаліць ТГ-канал чыгуначнікаў. У адказ ён запатрабаваў спярша адпусціць брата.

Сяргей кажа, што сям'я засталася ў краіне, бо не хацела з’язджаць і не думала, што можа дайсці да затрымання непаўналетняга падлетка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі