Адміністрацыйна арыштаваныя будуць займацца грамадска карыснымі работамі
Беларускі ўрад вызначыў парадак прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска карысных работ. У пастанове №771 ад 15 верасня 2015-га адзначаецца, што яна прынятая як выкананне дэкрэта ад 2 красавіка №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага дармаедства". У дакуменце вызначаецца, што прыцягненне да выканання грамадска карысных работ асобаў, якія знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам, ажыццяўляецца на падставе заявак арганізацый, якім належаць аб'екты, уключаныя ў пералікі для адміністрацыйна арыштаваных. Заяўкі перадаюцца арганізацыямі ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў, якія маюць у структуры цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў альбо ізалятар часовага ўтрымання, інфармуе БЕЛТА.
Штодня гэтыя людзі будуць працаваць не больш за 8 гадзінаў, а на тыдзень — не больш за 40. Падчас выканання грамадска карысных работ яны маюць права на перапынак (для адпачынку і харчавання) працягласцю не менш за 20 хвілін і не больш за гадзіну. Аднак гэты час не ўключаецца ў працягласць выканання работ.
Арганізацыя, якая атрымае такіх працаўнікоў, будзе самастойна іх вазіць да месца працы і назад, забяспечваць абсталяваннем, а пры неабходнасці спецыяльнай вопраткай, абуткам, сачыць за дысцыплінай.
У выпадках невыканання адміністрацыйна арыштаваным устаноўленых абавязкаў па выкананні працоўнай дысцыпліны і патрабаванняў бяспекі, адмовы ад іх выканання, самавольнага пакідання месца выканання работ арганізацыя неадкладна мусіць паведаміць аб гэтым адміністрацыі месца адбыцця адміністрацыйнага арышту.
Падставай для вызвалення адміністрацыйна арыштаванага ад выканання грамадска карысных работ з'яўляецца даведка аб часовай непрацаздольнасці. Дадзеная пастанова ўступіла ў сілу.