Адны прадпрымальнікі бастуюць супраць таго, па чым ўжо год працуюць іншыя

Беларускія прадпрымальнікі бастуюць. З-за новага тэхрэгламента Мытнага саюза, які абавязвае сертыфікаваць вопратку і абутак. Іпэшнікі кажуць, што гэта дорага, а сертыфікаты ў Маскве на рынку ім ніхто не дае.

Еўрарадыё заўважае побач з зачыненымі кропкамі краму вопраткі, якая працуе, нягледзячы на страйк. Дырэктарка распавядае, што ўжо год сертыфікуе прадукцыю згодна з новымі правіламі.

"Нашто рэспубліку забіваць вось гэтым шлакам? — эмацыйна рэагуе дырэктарка фірмы Алена. — Яны збіраюць усе гэтыя сцёкі, усё гэта лайно, якое нікому не патрэбна і раскідваюць па гандлёвых цэнтрах. І нашы беларусы у гэтым ходзяць. Прадукцыя нізкай якасці. Я спрабавала адзін раз, яна проста не праходзіць сертыфікацыю".

Каб сертыфікаваць тавар, робіцца заяўка, складаецца спіс, прыязджае эксперт з лабараторыі і складае акт адбору, забірае патрэбную колькасць тавару на выпрабаванні, якія цягнуцца 3 месяцы. Гэты час прадаваць тавар нельга.

"Ты купіў, уклаў грошы і паклаў на склад. Ты не працуеш. Адзін час было прасцей. Навошта праходзіць экспертызу на фармальдэгіды і апрэты? Цяпер з уступленнем у Мытны саюз усё ўскладнілі. Да мінулага года было прасцей. Я тэлефаную вытворцу і кажу: “Дайце мне даведку, што вы не выкарыстоўваеце апрэты”. Яны з мяне смяюцца".

Алена скардзіцца, што перш чым прымаць паказчыкі, камісіі Мытнага саюза трэба было вывучыць сусветную практыку.

Адно выпрабаванне можа каштаваць мільён. Накіраваць могуць на 6 розных экспертыз, калі 20 узораў прадукцыі, можна трапіць мільёнаў на 20, залежыць ад колькасці розных тавараў і паказчыкаў, на якія будуць выпрабоўваць. Справа не танная, але, калі працаваць з адным вытворцам, то паўторна сертыфікаваць ужо не трэба.

"Калі я адзін раз зрабіла сертыфікат на гэты склад і прывожу гэтага ж вытворцу, той жа склад прадукцыі, то я магу карыстацца старым пратаколам. Мне не трэба зноў плаціць грошы. Калі стала працаваць з аднымі і тымі ж вытворцамі. Гэта ўсё нескладана, а іпэшнікі няхай прыходзяць да мяне".

Сертыфікацыя стымулюе вытворцаў. Яны не зацікаўленыя прадаваць кепскі тавар, які не пройдзе сертыфікацыю, гаворыць Алена. І паказвае раскладзеныя ў розных папках сертыфікаты.

Еўрарадыё: Колькі ў вас такіх паперак?

Алена: “Жартуеце? :) Не ведаю, але багата. Можаце ацаніць маштабы працы і ўкладанне сродкаў. Я асобна раскладаю Турцыю, Італію, асобна Кітай і асобна Расія. Але расіяне даюць свае сертыфікаты. Я не супраць сертыфікатаў. Дзяўчына павінна ведаць, якую бялізну носіць. Наконт вопраткі, тут дваяка. Якая мне розніца, якія яны, я ж бачу, што набываю. Але чаму я павінна гэта рабіць, мяне пакараюць, а яны не? Мы ўвозім тавар легальна, сертыфікуем. Так, мы плацім вялікія падаткі. Але хапае, каб утрымліваць штат і недзе набыць новую прадукцыю. Значыць можна працаваць?”

Калі прымаць правілы, то яны павінны быць аднолькавымі для ўсіх, без выключэнняў. У прадпрымальнікаў, якія не сертыфікуюць тавар, расходаў меней, а кошты такія ж, мяркуе дырэктар крамы.

"Усе павінны працаваць на роўных умовах. Цяпер мае правы парушаныя. Я прадаю па 3 рублі і яны. Але я маю шмат затрат, а яны не. Бярыце тады ў мяне прадукцыю. Я трачу гэтыя грошы, закладаю ў сабекошт. У мяне выдатныя кошты. Я не кручу 3-4 кошты. Я закладаю пошліны, сертыфікацыю, заробак супрацоўнікаў. У мяне майткі каштуюць ад 11 да 19 тысяч — аптовы кошт. Гэта шмат?"

Некаторыя прадпрымальнікі сёння працавалі, бо сэнсу ў пратэстах не бачаць. Самі ж прызнаюць, што не ўся прадукцыя, якой гандлююць, пройдзе сертыфікацыю.

"Вытворца павінен нам даваць сертыфікат. Але не даюць, бо часам тавар не на 100 працэнтаў якасны. Кашулю возьмеце і адносіце. Але экспертыза можа паказаць, што гнілыя ніткі. Яна нармальна будзе насіцца, але ўжо не падлягае сертыфікацыі".

Прадпрымальнікі, якія 27 ліпеня не зачыніліся, спадзяюцца на тое, што за год адтэрміноўкі навядуць парадак у Расіі, дзе яны закупляюцца і там аптавікі і вытворцы пачнуць выдаваць сертыфікаты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі