Адвакат Надзеі Саўчанка: Яе невінаватасць даказваецца па ценях ад сонца на відэа
Прысуд украінскай лётчыцы Саўчанка пачнуць выносіць 21 сакавіка. Следства вінаваціць жанчыну ў датычнасці да забойства маскоўскіх тэлевізійшчыкаў Карнелюка і Валошына. Саўчанка, як лічаць праваахоўныя органы Расіі, карэктавала абстрэл.
Гэты судовы працэс сёння адзін з самых гучных на планеце. Сама Саўчанка абвясціла галадоўку і, як сцвярджаюць яе адвакаты, блізкая да смерці.
Вядомы расійскі адвакат і інтэлектуал Ілля Новікаў, які абараняе Саўчанку ў судзе, распавядае Еўрарадыё пра тое, чым, на яго думку, усё скончыцца і чаму гэтая справа — суцэльны фальш.
“Які будзе тэрмін, 5 гадоў ці 20 гадоў — нас абсалютна не цікавіць”
Саўчанка трымала сухую галадоўку. Не ела і не піла. 10 сакавіка украінка зноў пачала піць ваду, атрымаўшы пасланне ад Пятра Парашэнкі (як потым аказалася, пасланне было несапраўдным).
Ілля Новікаў: За суткі яна страціла чатыры кілаграмы вагі. Падавала прыкметы знясілення. Гэта перадсмяротны стан. Яна не прымае ежу. Да прысуду яна будзе толькі піць ваду. Яна хоча выслухаць прысуд і прыняць рашэнне, што рабіць далей. У бліжэйшыя дні я пастараюся высветліць, што збіраюцца рабіць еўрапейцы і амерыканцы. Гэта цяпер адзінае, што важна. Керы (дзяржсакратар ЗША, — Еўрарадыё) зрабіў заяву, што Саўчанку трэба вызваліць неадкладна, і кропка. МЗС Расіі кажа, што гэта ціск на суд. Гэта не ціск на суд, гэта ціск на Расію і асабіста на Пуціна. Пытанне толькі ў адным, будуць санкцыі з гэтай прычыны ці іх не будзе. Санкцыі — дрэнна для ўсіх. Але для Расіі гэта нашмат горш, чым для Саўчанка. Ёсць спадзеў, што нашы кіраўнікі адумаюцца, вырашаць, што гульня не вартая свечак.
Еўрарадыё: У якіх умовах Саўчанка ўтрымліваецца ў ізалятары?
Ілля Новікаў: Мы не хочам ціснуць на пачуцці і апісваць нягоды турэмнага быту. У нас іншы пасыл. Надзея просіць, каб мы пра гэта не распаўсюджваліся.
Еўрарадыё: Як, на вашу думку, далей будуць развівацца падзеі?
Ілля Новікаў: Прысуд будзе 21-га сакавіка. Там будзе тэрмін зняволення парадку 20 гадоў. Хоць тэрмін, пяць гадоў ці дваццаць гадоў, нас абсалютна не цікавіць. Зразумела, што сітуацыя вырашыцца нашмат раней. Перамовы, што з гэтым рабіць, ідуць прама цяпер. Спадзяюся, што ўсё скончыцца добра, што яе ці абмяняюць, ці аддадуць. Адзіная прычына, чаму гэта можа адбыцца, на мой погляд, гэта ўплыў ЗША. Не вельмі я веру ў тое, што запануе здаровы сэнс проста так. Два гады цягнецца поўная фальш, якая наўрад ці пераўтворыцца ў шчыры падыход. Вось калі ЗША развярнуць гэтую сітуацыю з пазіцыі моцы і ў Расіі зразумеюць, што з-за адной Саўчанка не варта ўпірацца, тады яе вельмі хутка абмяняюць, вызваляць, адпусцяць. Магчымыя ўсе варыянты.
Надзею Саўчанка затрымалі 17 чэрвеня 2014 года. Як сцвярджае расійскае следства, сепаратысты яе адпусцілі. Пасля гэтага Саўчанка сама перайшла на тэрыторыю Расіі ў патоку бежанцаў. У Расіі яе затрымалі паўторна. Следства лічыць, што да затрыманняў Саўчанка карэктавала агонь украінскіх войскаў пад Луганскам. У выніку абстрэлу загінулі журналісты Карнялюк і Валошын, за што лётчыцу і судзяць.
Сама Саўчанка сцвярджае, што яе затрымалі ў Луганску сепаратысты, а потым пераправілі ў Расію. Да гэтага Саўчанка ўдзельнічала ў антытэрарыстычнай аперацыі ў складзе батальёна “Айдар”, які ваюе на баку ўзброеных сіл Украіны. Зразумеўшы, што Надзея — не толькі жанчына, але і адносна публічная асоба, расійскія ўлады, як сцвярджае лётчыца, скарысталіся гэтым, сфальсіфікавалі крымінальную справу і зрабілі з яе разменную манету ў вайне з Украінай.
Доказы невінаватасці
Ілля Новікаў пералічвае аргументы, на якія адвакаты Саўчанка абапіраліся ў судзе. Украінка не магла карэктаваць агонь артылерыі з таго месца, пра якое заяўляе следства.
Першы доказ: дадзеныя з сім-карт тэлефонаў, якія былі ў Саўчанкі.
“У яе былі з сабой два тэлефонныя апараты. Адзін з іх — на дзве сімкі. У агульнай колькасці тры сім-карты, — тлумачыць Новікаў. — Следства сцвярджае, што 17 чэрвеня 2014 года яна карэктавала ўвесь абстрэл, які доўжыўся да 12 гадзін дня. Пры гэтым знаходзілася ў пяці кіламетрах на Поўнач ад Луганска.
Але па ўсіх сім-картах Надзеі бачна, што задоўга да таго, як здарыўся абстрэл і загінулі журналісты, яна была ў межах Луганска, а не за горадам. У 10.44 яна была ў цэнтральнай частцы Луганска, а на пачатку 12-й яна была ўжо на базе баевікоў у абласным ваенкамаце. Гэта паўднёвы усход Луганска. Яна не магла карэктаваць агонь да 12 гадзін.
Калі б следства гуляла шчыра, калі б не было загадзя падрыхтаванага сцэнарыя, яны б прызначылі экспертызу і паставілі пытанне, дзе знаходзіліся яе тэлефоны. Эксперт адказаў бы, што з верагоднасцю ў амаль 100%, яна знаходзілася ў Луганску”.
Следства адмовілася (ці не захацела) зрабіць ва Украіну афіцыйны запыт наконт таго, ці маглі канкрэтныя мабільныя вышкі дабіваць да месца, з якога Саўчанка нібыта карэктавала абстрэл. Дарэчы, у судзе выступіў супрацоўнік кампаніі МТС, які зруйнаваў аргументы следства, лічыць Новікаў.
Другі доказ: відэаролікі ад сепаратыстаў
“Гэтае відэа ва украінскіх руках не знаходзілася ні хвіліны. Яго здымаў баявік “ЛНР”, які аддаў усё расійскаму следчаму, — працягвае Новікаў. — Відэа — гэта 29 файлаў. Я дагэтуль здзіўляюся, чаму следчыя вырашылі далучыць гэта да матэрыялаў справы. Відэа выкрывае ўсю хлусню. Напэўна, яны паспадзяваліся, што на камеры быў няправільна ўсталяваны таймер. Мы прапанавалі правесці экспертызу па сонцы. Дакладна вядомае месца, дзе было знятае відэа (Луганск) і дата. Ёсць выразныя цені ад сонца ў кадры. Значыцца, па гэтых ценях можна вызначыць дакладны час здымкі. Гэта школьная астраномія, ніякай праблемы з гэтым няма. І калі следчыя зразумелі, што справа пайшла не так, яны паспрабавалі гэта сабатаваць. У маскоўскі Інстытут астраноміі яны з 29 файлаў адправілі толькі адзін, на якім Саўчанка і ногі баевікоў. Ніводнага ценю. І загадзя было зразумела, што па гэтым кавалку нічога нельга зразумець. Мы прывялі ў суд супрацоўніцу таго ж самага інстытута. Аказалася, што прынамсі на чатырох відэа з добрай дакладнасцю вылічваецца час. З улікам усіх магчымых хібнасцяў плюс-мінус паўгадзіны. Абстрэл праходзіў з 11.40 да 12.00. Відэафрагмент, на якім знялі Саўчанка, паводле разлікаў астраномаў, быў зняты не пазней за 10.40. З усімі магчымымі хібнасцямі, Саўчанка не магла знаходзіцца на месцы, дзе яе хацелі бачыць следчыя”.
Трэці доказ: радыёвышка
“Як вызначыла следства, каб назіраць за месцам абстрэлу, дзе знаходзіліся Карнялюк і Валошын, не было іншых варыянтаў, апроч як знаходзіцца на адной канкрэтнай мачце. Следства на гэтым супакоілася: раз адтуль, значыцца, Саўчанка была там. Што гэта за мачта, яны не высвятлялі, — кажа Новікаў. — Мы ж даведаліся, што гэта радыёвышка нафтаправода. Гэта гладкая труба дыяметрам 80 см. І тэхнічная лесвіца знаходзіцца на вышыні ажно сямі метраў над зямлёй. Проста так залезці на яе Саўчанка не магла. Да таго ж, у Надзеі была прастрэленая рука. Рабочыя, якія працуюць з гэтай мачтай, маюць спецыяльныя драбіны даўжынёй сем метраў. Каб усталяваць такія драбіны, патрэбныя два дужыя мужчыны. Мы гэта агучылі ў канцы студзеня. Пракуроры замітусіліся. Пасля гэтага ў судзе паўторна дапыталі баевіка, таварыш якога, “Шатун”, узяў Саўчанку ў палон. Сам “Шатун” ужо нежывы. Баевік з другой спробы раптам “узгадаў”, што разам з “Шатуном” бачыў гэтую вышку ў дзень, калі была затрыманая Саўчанка. І да вышкі былі прыстаўленыя драбіны. Гэта настолькі дзіцячая адмазка! У стылі “Мар’я Іванаўна, я забыўся сшытак дома”. Верыць у гэта, па-мойму, немагчыма”.
Хто такі Ілля Новікаў?
Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Маскве. На выдатна скончыў Расійскую акадэмію правасуддзя, дзе пасля выпуску выкладаў. Пазней Новікаў адышоў ад выкладчыцкай дзейнасці і засяродзіўся на адвакацкай.
Новікаў не менш вядомы як інтэлектуал, удзельнік знакамітага тэлешоў “Што? Дзе? Калі?”.
“Гэта прывядзе нас да канчатковай мэты — вызвалення Саўчанкі”
Еўрарадыё: Якая ў вас матывацыя, абараняць такую кліентку? Напэўна, у Расіі большасць лічыць вас за гэта ворагам, "піндосам" і гэтак далей…
Ілля Новікаў: Значыцца, я правільна раблю. Якая павінна быць матывацыя? Я абараняю невінаватага чалавека. Гэтая справа мне цікавая, як прафесійнаму адвакату. Напрыклад, уся гэтая гісторыя з сонечнай экспертызай — мая прыдумка. Гэта магчымасць прыкласці да справы сваю галаву ў безнадзейнай сітуацыі, дзе ад самага пачатку ўсе кажуць: “Вы ж нічога не зробіце, нічога не дасягнеце”. Вось, дасягнулі нечага. А гэтае нешта вядзе нас да канчатковага выніку — да вызвалення. Сумневаў, што гэтую справу трэба было весці менавіта так, у мяне няма.
Еўрарадыё: Ці змянілася ваша жыццё ў плане бяспекі.
Ілля Новікаў: Не, не змянілася. Пакуль на нас ніхто не рабіў замахаў. Што будзе далей — пабачым.
Еўрарадыё: Хваробы ў беларускай і расійскай судовых сістэмах падобныя. Здавалася б, ва Украіну прыйшла дэмакратыя, але і там у праваахоўных органах мала што змянілася. Карупцыя дагэтуль застаецца шалёнай. Што павінна здарыцца, каб адбыліся змены?
Ілля Новікаў: Адбыцца павінна столькі ўсяго, што пра гэта можна гутарыць гадзіны тры. А пачынаць можна з увядзення суда прысяжных. Далей усё цягнецца адно за другім: змены суда, следства, набор новых суддзяў. Гэта ўсё задачы на гады і дзесяцігоддзі. Якая б ні была рэвалюцыя, у адначассе ўсё гэта не здараецца. Апошнія царскія суддзі ў савецкіх судах працавалі яшчэ ў канцы 20-х гадоў. Прытым, што там гатоўнасці да радыкальных рэформаў было больш чым дастаткова. Таму лічыць, што ў нас будзе хутчэй — з якога перапуду?
Фота "Радыё свабода", "Новая газета", telegraph.co.uk, ria.ru