“Адзін чалавек са 100-кватэрнага дома”: Як кандыдаты збіралі подпісы
Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Таццяна Караткевіч расказваюць, як трэба правільна збіраць подпісы і дзе гэта лепш не рабіць.
“Нават сем’і замміністраў падпісваюцца”
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад АГП Анатоль Лябедзька подпісы збірае ўжо 25 гадоў — пачынаў яшчэ ў 1990-м. З таго часу робіць гэта кожную выбарчую кампанію. Гаворыць, што за вечар цалкам рэальна назбіраць 35 штук, калі абыходзіць кватэры 3-4 гадзіны. Прынамсі, гэта яго персанальны рэкорд. Так што неабходныя 100 подпісаў ад кожнага з 1000 членаў ініцыятыўнай групы, мяркуе лідар АГП, можна назбіраць за 3-4 вечары. Анатоль Лябедзька расказвае, што розныя групы насельніцтва рэагуюць на збор подпісаў па-рознаму: “Вось жанчыны, яны больш схільныя падпісвацца. Нягледзячы на тое, што гэта нібы больш кансерватыўны электарат. Асабліва калі прыходзіць час галасаваць”.
У кампаніі 2015 года паплечнікі Лябедзькі збіраюцца рабіць акцэнт на рабочых прадпрыемствах і індывідуальных прадпрымальніках — подпісы за кандыдата АГП будуць збіраць у першую чаргу сярод іх. Пры гэтым Анатоль Лябедзька раіць не губляць часу на ярых прыхільнікаў уладаў і расказвае, што подпісы ўдавалася атрымліваць нават у сем’ях высокіх чыноўнікаў: “У мяне было некалькі выпадкаў, калі дзверы кватэры раптам адкрывалі вядомыя чыноўнікі. Не буду называць прозвішчы, але гэта былі людзі, якія кіруюць упраўленнямі ў міністэрствах, намеснікі міністраў. Самі яны, вядома, свае подпісы ў маіх лістах не ставілі. Але прыводзілі сваю жонку, дзяцей і прасілі падпісацца. Такіх выпадкаў было некалькі ў мяне”.
“У маёй камандзе ёсць чалавек, які аднойчы сабраў 1000 подпісаў”
“Тут усё па-рознаму бывае, вельмі па-рознаму. Калі ў пікеце збіраеш і калі па кватэрах. У мяне было аднойчы 50 подпісаў за раз. А бывае, што і вельмі мала. У нас у камандзе ёсць чалавек, які аднойчы сабраў 200 подпісаў за дзень, а за кампанію — 1000. Асноўная праблема падчас збору — адсутнасць людзей у кватэрах. Калі прыходзіш, а там нікога няма. Думаю, мы таксама цяпер з гэтым сутыкнемся”, — расказвае прэтэндэнт на пасаду кіраўніка краіны ад партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.
Палітык гаворыць, што збіраць подпісы, канечне, цяжка. Але і цікава адначасова: “Часам табе дзверы не адчыняюць. А часам нават за стол гатовыя пасадзіць. Цяжка адмовіць бывае”. Калякін расказвае, што заўсёды збіраў подпісы ў Савецкім раёне Мінска, і складаней за ўсё было ў раёне Залатой Горкі. “Не ведаю нават, чаму. Здаецца, там інтэлігенцыя жыве. А падпісвацца не хочуць. А вось на рабочых вуліцах Кульман, Куйбышава — там ніякіх праблем”, — расказвае Калякін.
У камандзе Калякіна сёлета 1413 чалавек. Для рэгістрацыі свайго кандыдата кожны з іх павінен сабраць хаця б 71 подпіс за 30 дзён. Калі насамрэч збіраць, то задача выглядае цалкам рэальнай.
“Адзін подпіс са стокватэрнага дома”
Кандыдат ад “Гавары праўду” і Партыі БНФ Таццяна Караткевіч расказвае, што таксама ўжо збірала подпісы і рабіла гэта таксама летам, у жніўні — Караткевіч спрабавала трапіць у Палату прадстаўнікоў падчас мінулых парламенцкіх выбараў. Гаворыць, што збіраць подпісы ў жніўні — не самая лёгкая справа: “Ідзеш па подпісы, заходзіш у пад’езд, а там на ўвесь пад’езд адна-дзве кватэры з жыхарамі, у астатніх нікога няма. А самы сумны рэкорд у мяне здарыўся на вуліцы Заслаўскай у Мінску. Там у стокватэрным доме я змагла толькі адзін подпіс узяць. Такая гісторыя”.
Агулам, расказвае Караткевіч, за адзін заход рэальна назбіраць 25-30 подпісаў. Прынамсі, у яе было прыкладна столькі. Патэнцыйная кандыдатка дадае, што асаблівых канфліктаў з людзьмі падчас збору подпісаў не мела. Маўляў, у большасці выпадкаў трапляюцца адэкватныя грамадзяне, нават калі і не хочуць у выніку подпіс ставіць, то выслухаюць і нешта скажуць. Найбольш незразумелыя сітуацыі у Таццяны Караткевіч узнікалі падчас стаяння ў пікетах, калі прыстойныя з выгляду людзі пачыналі выпытваць, калі ўжо апазіцыя нарэшце зробіць у краіне дэмакратыю. "Мне такое незразумела. Навошта так дзяліць. Працаваць трэба ўсім разам", — перакананая Таццяна Караткевіч.