Акцыі пратэсту “недармаедаў” у рэгіёнах (відэа)
У нядзелю людзі выйшлі на вуліцы ў Бабруйску, Брэсце, Оршы і Рагачове. Яны пратэставалі не толькі супраць дэкрэту № 3, але і эканамічнай палітыкі ўладаў, патрабавалі працы і годных заробкаў, часам — свабодных выбараў. Пратэстоўцы скандавалі "Лукашэнка сыходзь!", "Не дэкрэту № 3", "Жыве Беларусь!".
Калі ў Брэсце ў акцыі паўдзельнічала каля 100 чалавек, дык у Бабруйску на галоўную плошчу горада выйшла каля 1000 чалавек. Было шмат самаробных плакатаў, з Баранавічаў прыехаў Рыгор Грык, апрануты ў турэмную робу. Яшчэ да пачатку акцыі міліцыянеры затрымалі мясцовую актывістку Галіну Смірнову.
У Оршы сотні людзей сабраліся на плошчы, а пасля прайшлі да будынка мясцовай адміністрацыі, дзе адбыўся мітынг. Напярэдадні ў горадзе прайшлі затрыманні актывістаў, ператрусы. Затрымлівалі і журналістаў, якія прыехалі з Мінска, з Віцебска. На акцыю здолеў даехаць Павел Севярынец. Ён заклікаў людзей да салідарнасці, да змагання за свае правы. Пазней Севярынца затрымалі міліцыянеры, у аўтамабілі якіх была расійская сімволіка. Яго будуць судзіць у панядзелак. Былі і іншыя затрыманыя, у тым ліку і журналісты.
У Рагачове ў стыхійным мітынгу ўдзельнічала каля 400 чалавек. Арганізатараў не было, людзі проста выказваліся пра набалелае: няма працы, а калі яна ёсць, то заробкі малыя, за іх цяжка жыць. Некаторыя з гараджан гаварылі, што неабходныя перамены, крытыкавалі дзейнасць кіраўніка дзяржавы.
Пратэсты супраць “дэкрэту аб дармаедах” праходзяць у рэгіёнах Беларусі цягам месяца. У пятніцу буйная акцыя прайшла ў Маладзечне, дзе затрымалі каля дзясятка чалавек. У суботу акцыя была ў Пінску.