Аксёнаў заявіў, што ў Крыме растуць праўкраінскія настроі

Аксёнаў заявіў, што ў Крыме растуць праўкраінскія настроі

Кіраўнік расійскай акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў заявіў, што ў Крыме растуць праўкраінскія настроі. Ён запісаў відэазварот, у якім пагражае крымінальным пакараннем крымчанам, якія "выходзяць на публічныя мерапрыемствы, спяваюць гімн Украіны і выкрыкваюць нацыяналістычныя лозунгі".

Аксёнаў кажа, што апошнім часам падобныя відэазапісы сталі з'яўляцца ў інтэрнэце. "На грамадскіх мерапрыемствах скандуюць нацыяналістычныя лозунгі, спяваюць гімны, асабліва ў перыяд спецыяльнай ваеннай аперацыі, цытуе словы Сяргея Аксёнава "Бі-Бі-Сі". — Гэта будзе карацца ў крымінальным парадку — і арганізатары, і ўдзельнікі".

Кіраўнік адміністрацыі пагражае таксама звальненнем з працы або стратай права займацца бізнесам у Крыме. "Не любіце нашу краіну — едзьце ў тую, якую любіце", — заявіў ён.

Праўкраінскія настроі ў Крыме ўзмацняюцца і становяцца ўсё больш дэманстрацыйнымі на фоне поспехаў украінскіх войскаў на фронце, якія вызвалілі Харкаўскую вобласць і вызваляюць Херсоншчыну.

Украінскі Крым знаходзіцца пад расійскай акупацыяй з 2014 года. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што ўся акупаваная Расіяй тэрыторыя Украіны будзе вызвалена і раіў расійскім вайскоўцам бегчы з украінскай зямлі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі