Актрыса, якая грала журналістку Кацярыну Андрэеву, адкрыла кнігарню ва Уроцлаве
Аляксандра Вайцэховіч з мужам
Ва Уроцлаве адкрылася беларуская кнігарня. Як піша "Наша Ніва", адчыніла яе актрыса Аляксандра Вайцэховіч, якая грала ролю палітзняволенай журналісткі "Белсата" Кацярыны Андрэевай у фільме рэжысёркі Мары Тамковіч.
Кнігарня адчынілася на вуліцы Тэатральнай, у будынку насупраць лялечнага тэатра. Грошы на першы ўнёсак за памяшканне Аляксандра сабрала з дапамогай данатаў.
Кнігарню назвалі NookBook. Назва невыпадковая: у актрысы ёсць кінашкола Nook (у перакладзе гэта "ўтульны куток"), таму яна вырашыла развіваць брэнд далей. Крама ўжо працуе паўтара тыдня.
Купіць тут можна не толькі беларускую літаратуру. "У нас ёсць палічка з кнігамі на беларускай мове, але, канешне, плануем яе пашыраць. Бачу попыт на класіку беларускай літаратуры (я яе таксама вельмі люблю), але, на жаль, прывезці яе даволі складана. Звычайна выдавецтвы прапаноўваюць або сучасных беларускіх аўтараў, або творы замежных пісьменнікаў, перакладзеныя на беларускую. Пакуль што сярод беларускамоўных кніг больш за ўсё твораў сучасных аўтараў для дзетак", — прызнаецца Вайцэховіч.
Таксама ў кнігарні працуе арэнда кніг. Гэта прапанова для тых, хто ўвесь час пераязджае і не хоча абрастаць мноствам рэчаў.
Плануецца, што на базе кнігарні будуць праходзіць розныя мерапрыемствы, пачне працу кніжны клуб.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.